Прыпынілі крымінальную справу Бандарэнкі. Генпракуратура не можа знайсці, хто яго збіў да смерці
16.09.2021 / 21:1
Як стала вядома «Нашай Ніве», Генеральная пракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі, збітага на «Плошчы перамен». Фармальная прычына — у сувязі з немагчымасцю ўстанавіць асобу, датычную да злачынства. Справа была заведзеная па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у выніку якіх Раман памёр.
Нагадаем, трагедыя здарылася ў лістападзе 2020 года. Раман Бандарэнка выйшаў у двор, дзе сабраліся прыхільнікі Лукашэнкі, якія зразалі бела-чырвона-белыя стужкі.
Завязаўся канфлікт, прыехала міліцыя, Рамана забралі ў Цэнтральнае РУУС. Адтуль ён трапіў у рэанімацыю бальніцы хуткай дапамогі. Нягледзячы на высілкі дактароў, яны не змаглі выратаваць пацыента. На пахаванне Бандарэнкі прыйшлі тысячы мінчукоў.
Першымі ж заявамі ўладаў было тое, што Раман быў у стане алкагольнага ап'янення. Гэты тэзіс быў хутка абвергнуты на падставе медыцынскіх дакументаў. Журналістку Тутбай Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна за гэта судзілі.
У гэтым выпадку Генпракуратура спрацавала надзвычай хутка і рэпрэсіўна: Кацярына атрымала рэальны тэрмін, Арцём выйшаў у зале суда (атрымаў пакаранне з адтэрміноўкай).
Спачатку расследаваннем займаўся Следчы камітэт. Але хутка па загадзе Лукашэнкі справу перадалі Генеральнай пракуратуры.
Лукашэнка заяўляў, што бярэ следства пад асабісты кантроль. Чым гэта скончылася, мы цяпер бачым — справа прыпыненая.
Гэтаксама сілавікі ўжо больш за 20 гадоў «расследуюць» знікненне палітычных апанентаў Лукашэнкі — Захаранкі, Ганчара, Красоўскага.
Былыя сілавікі, якія выступілі супраць катаванняў і збіцця дэманстрантаў, апублікавалі запісы размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і хакейнага функцыянера Дзмітрыя Баскава.
З аўдыя вынікае, што абое былі ў той вечар на «Плошчы перамен». Гэта стала адной з прычынаў, чаму Міжнародная федэрацыя хакея ўвяла абмежаванні ў дачыненні да Баскава.
Таксама сцвярджалася, што на «Плошчы перамен» быў спартсмен, блізкі да сілавікоў, Дзмітрый Шакута.
Па ч. 3 арт. 147 КК тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці — 15 гадоў. Гэта асабліва цяжкае злачынства, за якое пагражае пакаранне ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення свабоды.