Прадае тэлефон, выступае на расійскіх турнірах. Чым жывуць найбольш прыкметныя спартсмены — прыхільнікі Лукашэнкі
27.08.2022 / 8:56
Днямі стала вядома, што легкаатлет Максім Недасекаў, вядомы сваёй праўладнай пазіцыяй, наведаў Літву. Бронзавага медаліста Токіа не збянтэжыла тое, што беларускія ўлады знаходзяцца ў канфрантацыі з Літвой. «Наша Ніва» паглядзела, чым яшчэ жывуць спартсмены, якія падтрымліваюць Лукашэнку і пазбаўленыя міжнародных стартаў праз саўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне.
Максім Недасекаў. Фота: АР
Максім Недасекаў: падарожнічаў у Еўропу і траўмаваўся на чэмпіянаце краіны
На навіну пра свой візіт у Літву Недасекаў адрэагаваў відэа ў сторыс, запісаным з дому, а таксама прадэманстраваў у сторыс новую экіпіроўку ад брэнда Puma. Цікава, што кампанія перадала спартсмену экіпіроўку, не хвалюючыся, што супрацоўнічае з праўладным атлетам краіны, якая саўдзельнічае ў вайне ва Украіне.
Беларускія атлеты зараз забаненыя на міжнародных турнірах, і скакун у вышыню Максім Недасекаў — не выключэнне. Так што адным з найвялікшых спаборніцтваў, на якіх ён зараз можа праявіць сябе, стаў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы, што прайшоў з 16 па 18 жніўня на стадыёне «Дынама». Там Недасекаў пераадолеў вышыню ў 2,24 метра і ўзяў срэбра турніра, а таксама атрымаў траўму — падвярнуў галенастоп. Лепшы ж вынік Недасекава за сезон на дадзены момант — 2,28 метра.
Скакун прапусціў некалькі этапаў Беларускай легкаатлетычнай лігі, створанай спецыяльна для таго, каб хоць неяк кампенсаваць забаненым атлетам адсутнасць міжнародных стартаў, затое не здолеў прайсці міма праўладных актыўнасцей. Так, 1 чэрвеня Недасекаў у кампаніі іншых падпісантаў праўладнага ліста спартсменаў наведаў дзіцячы ваенна-патрыятычны клуб «Рысь», створаны на базе вайсковай часці 3214 у мінскім Уруччы. Гэтае падраздзяленне вядомае сваім удзелам у разгроме мірных пратэстаў.
Што да ўвядзення спартовага бану, на яго Недасекаў рэагаваў імкненнем да сумесных спаборніцтваў з расійскімі спартсменамі замест міжнародных турніраў: «Выступы з расійскімі спартсменамі па ўзроўні будуць не горшыя за еўрапейскія ці сусветныя спаборніцтвы. Плануецца стварыць нешта на ўзроўні брыльянтавых ліг (міжнародная серыя легкаатлетычных турніраў. — «НН») па той жа працоўнай плаце. Важна зацікавіць спартсменаў.
Мы ўсё роўна рыхтуемся да лета. Я на 95% упэўнены, што спаборніцтвы будуць праводзіцца сумесна з Расіяй. МАК забараніў [спартсменам з іншых краін] выступаць у Расіі. На міжнародных спаборніцтвах Расіі і Беларусі забаронена выступаць. Чаму мы павінны слухаць Міжнародны алімпійскі камітэт? Тут патрэбна сканчваць працу з імі і спаборнічаць у рамках СНД».
Настасся Мірончык-Іванова: верыць у зняцце спартовых санкцый
Як і Недасекаў, гэтая скакуха ў пачатку лета наведвала ваенную часць 3214 і «Рысь». Настассі кампанія сілавікоў даспадобы: напрыклад, Мірончык-Іванова выставіла ў сторыс фота, дзе на чэмпіянаце краіны яе падтрымліваюць усё тыя ж спецназаўцы з Уручча.
На турніры, дарэчы, скакуха ўзяла золата. Але ж яе вынік пры гэтым не надта ўражвальны — 6,40 метра, што з'яўляецца 134-м вынікам у свеце ў гэтым сезоне.
Тым не менш, Мірончык-Іванова верыць у хуткае зняцце санкцый і абураецца праз іх наяўнасць: «Я і ўсе спартсмены, вядома, адчуваем пачуццё несправядлівасці, злосць. Пакуль нас не выпускаюць, але я думаю і спадзяюся на тое, што гэта ўсё можна паправіць. Што ўсё вырашыцца, усё будзе добра, нас усё-такі дапусцяць і гэтая несправядлівасць абыдзе нас бокам».
А пакуль санкцыі ўсё яшчэ дзейнічаюць, Настасся не супраць пабавіць час на праўладных мерапрыемствах. Напрыклад, такіх, як выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі ў гонар 3 Ліпеня ці як культурна-спартовы фестываль «Вытокі» ў Полацку.
У рэшце рэшт, усё гэта не робіць скакуху занадта задаволенай жыццём. У посце, прымеркаваным да заканчэння легкаатлетычнага сезона, Мірончык-Іванова прызналася: «Прысутнічае пачуццё недарэалізаванасці, бо я б зрабіла яшчэ парачку стартаў, энергіі яшчэ б хапіла на скачкі, і пачуццё віны перад аматарамі, што не паказала далёкія метры!»
Аляксей Талай: ездзіць па акупаваных Расіяй землях і сустракаецца з сілавікамі
Жыццё ў Аляксея насычанае. Ён актыўна ўдзельнічае ў прапагандысцкіх перадачах на дзяржтэлебачанні, дзе выступае за тое, каб «сілавы блок вычысціў нашы краіны», і сур'ёзна абмяркоўвае фэйкавую інфармацыю — вось прыклад.
Акрамя гэтага, Талай у жніўні паспеў наведаць акупаваны Крым, куды заехаў па Крымскім мосце — аб'ект, дарэчы, яго дужа ўразіў. Аляксея не пакінула абыякавым і сустрэча з расійскім кіраўніком Крыма Сяргеем Аксёнавым, якую атлет назваў «добрай, важнай і своечасовай».
Яшчэ ў жніўні праўладны атлет адзначыўся арыгінальнай ініцыятывай: ён прапанаваў аднадумцам выкупіць і перавезці на тэрыторыю Беларусі і Расіі савецкія помнікі, якія дэмантуюць у краінах Еўрасаюза. Талай лічыць, што калі такія помнікі захаваюцца, то «да іх будзе рака ўсенароднага ўшаноўвання», а «выратаваныя» помнікі «натхняць цэлыя народы». Калі ж манументы ў Еўропе ўсё-такі будуць дэмантаваныя, па меркаванні Аляксея, «ёсць высокія рызыкі, што мы паставім новыя на тых жа месцах».
Адзначым, што Талаю не чужыя заняткі дабрачыннасцю — так, ён наведаў дзіцячы хоспіс у расійскім Белгарадзе. Але ж матываваць людзей яму больш цікава.
З надзвычайных падзей чэрвеня ў Талая адзначым атрыманне ўзнагароды ад АМАПу. На спорт Аляксей таксама знайшоў час: 6 ліпеня ён выступіў на адкрытым Кубку краіны па плаванні сярод людзей з інваліднасцю, дзе ўзяў золата ў сваёй катэгорыі.
Настасся Пракапенка: спаборнічае з расіянамі і тэрмінова прадае гаджэт
Гэтая пяціборка набыла вядомасць пасля выбараў-2020. Дзе яе толькі не заўважалі: Пракапенка знаходзіла час і на велапрабег з удзелам Віктара Лукашэнкі, і на праўладны жаночы форум. На ім спартсменка запомнілася арыгінальным выступам пра афіцыйны беларускі сцяг, у гісторыю якога яна «вельмі душэўна капнула».
Зараз пяціборка ўжо не так часта ўдзельнічае ў праўладных актыўнасцях, хаця і яна ездзіла ў дзіцячы ваенны клуб «Рысь» 1 чэрвеня. Гэтым летам Пракапенка спрабуе сябе на Кубку імя Ляднёва — сумесным расійска-беларускім турніры, створаным, каб хоць неяк кампенсаваць спартсменам адсутнасць міжнародных спаборніцтваў ва ўмовах санкцый. З фінала Кубка Ляднёва Пракапенка прывезла срэбра.
А яшчэ праўладная спартсменка чамусьці вырашыла прадаць тэлефон — мяркуючы па эмблеме на ўпакоўцы, яна магла яго атрымаць на Алімпійскіх гульнях.
Цікава, што гаджэт доўга ляжаў у Настассі, але ў канцы чэрвеня яна вырашыла яго тэрмінова прадаць, па кошце нашмат ніжэйшым, чым у магазінах.
Як і Мірончык-Іванова, Пракапенка не прайшла міма фестываля «Вытокі», арганізаванага ў тым ліку і Нацыянальным алімпійскім камітэтам пад кіраўніцтвам Віктара Лукашэнкі. Бронзавая прызёрка Алімпіяды-2008 прыехала ў пачатку чэрвеня на «Вытокі» ў Століне, дзе раздавала аўтографы.
Дзінара Алімбекава: збіраецца замуж і выступае на расійскіх Кубках
Гэтая біятланістка і чэмпіёнка Алімпіяды-2018 цяперашняе лета запомніць надоўга. У пачатку ліпеня Дзінара атрымала прапанову рукі і сэрца ад біятланіста Антона Смольскага, на якую адказала згодай.
Алімбекава і Смольскі шмат часу праводзяць разам: напрыклад, каханыя пайшлі на выступ Аляксандра Лукашэнкі ў гонар 3 Ліпеня. Разам яны і трэніруюцца, і спаборнічаюць — зараз, напрыклад, Дзінара і Антон выступаюць на этапе Кубка Садружнасці ў Сочы, незадоўга да яго каханыя перахварэлі на кавід.
У мінулым годзе раман Смольскага і Алімбекавай раскалоў жаночую зборную па біятлоне, і зараз падобна да таго, што сітуацыя не паляпшаецца. Напрыклад, Ганна Сола, іншая вядомая беларуская біятланістка, прызналася нядаўна ў інтэрв'ю, што дагэтуль не кантактуе з Дзінарай і ўвогуле не жадае гутарыць пра калегу па камандзе.
Дзінара тым часам сумуе па міжнародных турнірах: «Нам усім, вядома, хочацца выступаць з найлепшымі ў свеце, хаця і канкурэнцыя ў расійскім біятлоне даволі добрая. Нам трэба выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Не магу сказаць канкрэтна, колькі я гатовая цярпець».