Прэмію Анемпадыстава прысудзілі Анатолю Лазару за вокладку кнігі «НЕрасстраляныя»
28.10.2022 / 23:11
Сёлетнім лаўрэатам прэміі стаў Анатоль Лазар, вядомы пад творчым псеўданімам Wiecier Mechaniczny. Кніга, да якой ён стварыў вокладку, прысвечаная беларускім літаратарам, забітым у 1937 годзе.
«НЕрасстраляныя» — гэта велічэзны і вельмі значны праект, што да беларускай гісторыі і культуры, — напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку старшыня Беларускага ПЭНа Тацяна Нядбай. — Гэты том мае быць у бібліятэцы сучаснага культурнага беларуса. А дзякуючы вокладцы, яго прыемна браць у рукі і паважна трымаць на палічцы. Талент дызайнера ў тым, каб візуалізаваць годнасць, трагічнасць і шляхетнасць зместу. Гэта зроблена далікатна і філігранна праз моцную графічную абстракцыю, колер, шрыфт, кампазіцыю. Дасканалы праект у адпаведнай вокладцы».
Таксама Анатоль Лазар стаў пераможцам «Выбар Белсату» за вокладку да кнігі Івана Мележа «Людзі на балоце».
Прэмія за найлепшую кніжную вокладку заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава. Узнагарода прысуджаецца беларускаму аўтару або камандзе аўтараў вокладкі. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне і адпаведнасьць афармлення зместу кнігі.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭНу сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і Лятучым унівэрсітэтам, а таксама Белсат TV, Фундацыі Open Culture і H&L Group.