Перастаў працаваць сайт Леаніда Маракова. Чаму?
30.04.2023 / 21:6
Больш за тыдзень не працуе сайт беларускага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова. На старонках marakou.by былі апублікаваныя сярод іншага ягоныя шматтомныя даведнікі з больш як 20 тысячамі біяграфій рэпрэсаваных у савецкі час беларускіх дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў. Сярод іх і родны дзядзька даследчыка, паэт Валерый Маракоў, забіты ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у так званую Ноч расстраляных паэтаў.
Леанід Маракоў нарадзіўся ў Мінску ў 1958 годзе. Скончыў у 1984 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, пасля працаваў на Мінскім заводзе ЭВМ. З 1987 года — інжынерам-электроншчыкам на доследна-вытворчым прадпрыемстве па вырабе ўнікальных фізічных прыбораў і абсталявання АН СССР ды іншых установах.
З 1999 года быў літаратурным супрацоўнікам газеты «Голас Радзімы», але з 2001 года цалкам прысвяціў сябе сваім даследаванням. А жыў на грошы, заробленыя ў 1990-я, калі займаўся бізнэсам.
У пачатку 2016 года Леанід Маракоў перажыў інсульт, а 17 снежня 2016 года памёр у хоспісе, дзе быў у цяжкім стане з пухлінай галаўнога мозгу.
Пасля смерці даследчыка ягоны асабісты сайт працягваў функцыянаваць да апошняга часу. З чым звязана цяперашняе спыненне працы, пакуль не вядома.
Калі ведаеце, чаму так сталася, напішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.
Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).
Чытайце таксама:
Чалавек у шортах з залатым ланцугом і яго кнігі