Яўген Прыгожын лячыўся ад раку — медыя
12.07.2023 / 10:0
Праз гэтую хваробу кіраўнік ПВК «Вагнер» вядзе здаровы лад жыцця і выконвае строгую дыету. Толькі раз бачылі, як ён выпіў шклянку ліманаду.
Яўген Прыгожын. Скрыншот відэа
Пра тое, што Яўген Прыгожын перанёс анкалагічнае захворванне «Праекту» расказалі два яго супрацоўнікі, якія непасрэдна размаўлялі з ім у апошнія гады. Абодва суразмоўцы сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра рак брушной вобласці.
Кіраўнік ПВК «Вагнер» лячыўся ад раку доўгі час і праходзіў сур'ёзную тэрапію, як кажа адзін з суразмоўцаў.
Паводле яго слоў, цяпер «працэс утварэння пухліны нібы спынены». Праз гэтую хваробу кіраўнік ПВК «Вагнер» вядзе здаровы лад жыцця і выконвае строгую дыету. Адзін з шматгадовых супрацоўнікаў Прыгожына кажа, што за апошні час толькі аднойчы бачыў, як той дазволіў сабе выпіць шклянку ліманаду.
На карысць таго, што Прыгожын перажывае з-за стану здароўя, — выяўлены ў яго загарадным доме старанна экіпіраваны медыцынскі кабінет.
Пасля пачатку бунту сілавікі праводзілі ператрус па месцы пражывання Прыгожына, а пракрамлёўскія медыя выклалі фатаграфіі следчых дзеянняў. На адной з іх быў пакой з рэанімацыйным ложкам, апаратам для штучнай вентыляцыі лёгкіх і кіслародным канцэнтратарам.
Акрамя гэтага, вядома, што Прыгожын лячыўся ў элітнай клініцы «Сагаз» (у яе ёсць агульныя праекты з дачкой Пуціна Марыяй Варанцовай) і быў адным з яе першых кліентаў са статусам «супер VIP». Прынамсі, у спісе VIP-кліентаў клінікі журналісты раней выявілі нейкага Дзмітрыя Ісакавіча Гейлера. Пры ператрусах у Прыгожына сілавікі выявілі пашпарт на імя гэтага чалавека, але з фатаграфіяй мяцежніка.
Знаёмыя Прыгожына не выключаюць, што праблемы са здароўем маглі паўплываць на яго рашэнне пачаць мяцеж. «Гэта чалавек з выразаным страўнікам і кішкамі!» — кажа адзін з яго знаёмых.