БЕЛ Ł РУС

Свет

Пераварот у Нігеры: у прыхільнікаў путчыстаў заўважылі расійскія сцягі

28.07.2023 / 6:58

Nashaniva.com

На гэты момант незразумела, хто кіруе заходнеафрыканскай краінай. Камандуючы арміяй выступіў у падтрымку путчыстаў дзеля захавання адзінства Узброеных сіл. Сама хунта не абвяшчала, хто яе ўзначальвае.

Фота: Sam Mednick / AP

Прыхільнікі путчу ў Нігеры зладзілі мітынг ля будынка парламента краіны. У некаторых былі расійскія сцягі, піша Бі-бі-сі.

Частка мітынгоўцаў пазней напала на штаб-кватэру партыі зрынутага прэзідэнта Махамеда Базума і падпаліла яе.

Афіцыйна Расія, нароўні з іншымі краінамі, выступіла за вызваленне зрынутага прэзідэнта Базума, якога ўтрымліваюць путчысты.

На гэты момант незразумела, хто кіруе заходнеафрыканскай краінай. Камандуючы арміяй выступіў у падтрымку путчыстаў, па яго словах, дзеля захавання адзінства Узброеных сіл. Сама хунта не аб'яўляла, хто яе ўзначальвае.

На дзяржаўным тэлебачанні паўтаралася начная заява аб звяржэнні прэзідэнта, яна перамяжоўваецца з патрыятычнай музыкай і вершамі з Карана. Праграму навін, якая звычайна выходзіць у эфір у абедзенны час, гэтым разам не паказалі.

Аднак у сталіцы Нігера Ніямеі крамы і рынкі адкрыліся ў звычайны час, а пасля ранішніх залеваў на вуліцы выйшлі і прыхільнікі путчыстаў.

Сотні з іх сабраліся ля будынка Нацыянальнай асамблеі. Некаторыя размахвалі сцягамі, іншыя трымалі плакаты «Далоў Францыю!» і «Замежныя базы прэч!».

Нігер да 1960 года быў калоніяй Францыі, якая дагэтуль захоўвае там значны ўплыў і вайсковыя базы.

Гэтая краіна, багатая ўранавай рудой, — адзін з галоўных партнёраў Захаду ў Сахелі (рэгіёне, які прымыкае да пустыні Сахара з поўдня), тут базуюцца не толькі французскія, але і амерыканскія войскі, якія дапамагаюць мясцовым уладам змагацца з узброенымі ісламісцкімі рухамі.

Значэнне Нігера для гэтай кампаніі ўзрасло яшчэ больш пасля пераваротаў у суседніх Малі і Буркіна-Фасо. Гэтыя перавароты таксама суправаджаліся выразнымі сімпатыямі да Расіі; Малі стала адной з галоўных баз ПВК «Вагнер» у Афрыцы і заняло прарасійскую пазіцыю ў многіх пытаннях.

«Мы лічым, што пераварот — гэта антыканстытуцыйная задума, і мы ў прынцыповым плане заўсёды ў такіх выпадках займаем вельмі выразную пазіцыю», — заявіў у чацвер міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Зрынуты дэмакратычна абраны прэзідэнт Нігера Базум падтрымліваў кантакты з прэзідэнтам Украіны і далучыўся да «крымскай платформы».

У чацвер раніцай французскі вайскова-транспартны самалёт прызямліўся на французскай вайсковай базе ў Нігеры, нягледзячы на абвешчанае новай хунтай закрыццё межаў. Хунта выказала пратэст Францыі.

Чытайце таксама:

Вайскоўцы ў Нігеры абвясцілі пра звяржэнне прэзідэнта

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула