У Беларусі знікла ўкраінская валанцёрка — медыя
28.08.2023 / 21:14
Валанцёрка з Чарнігава Наталля Захаранка знікла падчас паездкі ў Беларусь, піша Reform.by са спасылкай на ўкраінскае выданне «Час чернігівський».
Наталля ездзіла ў Беларусь з другой паловы 2022 года. Яна дапамагала ўкраінцам, якія затрымаліся ў Беларусі і не маглі самастойна выбрацца, выязджаць з краіны. У Беларусь яна ездзіла на сваім аўтамабілі.
Паводле інфармацыі выдання, за ўвесь час Наталля дапамагла вывезці каля 30 людзей. Пункт эвакуацыі знаходзіўся ў Мазыры.
Па словах Надзеі Захаранкі, маці Наталлі, яе дачка перастала выходзіць на сувязь 19 ліпеня.
«З 19 ліпеня яна не выходзіць на сувязь. Колькі і куды я ні пісала — пісала ў амбасаду, пракуратуру, МЗС. У амбасадзе мне адказалі, што сярод затрыманых яе няма. Я не ведаю, куды ісці і да каго звяртацца», — кажа маці Наталлі.
Маці валанцёркі кажа, што перад паездкай дзяўчына паведамляла ў чат валанцёраў, што едзе ў Беларусь. Да яе звярталіся з усёй Украіны з просьбай перадаць уцекачам, якія завіслі ў Беларусі, рэчы, дакументы і грошы.
Чытайце таксама:
Знікла сувязь з палітзняволеным Уладзімірам Гундарам. Хоць раней лісты прыходзілі кожныя два дні