Малдова дэпартавала прадстаўніка мясцовага «Спутніка» і забараніла ўезд на 10 гадоў
13.09.2023 / 12:39
Віталь Дзянісаў быў абвешчаны непажаданай асобай у Рэспубліцы Малдова.
Віталь Дзянісаў. Фота: сайт noi.md
Грамадзянін Расіі Віталь Дзянісаў выконваў абавязкі менеджара (адміністратара) агенцтва навін «Спутнік Малдова» з сакавіка 2023 года, піша noi.md.
Раней Дзянісаў працаваў у «Спутніку» Паўднёвай Асеціі і ўзначальваў «Спутнік» Азербайджана.
Паводле некаторых звестак, сёння раніцай супрацоўнікі міграцыйнай службы Малдовы прыйшлі да дома журналіста, пасадзілі яго ў машыну і адвезлі ў аэрапорт з пастановай аб дэпартацыі.
Прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава пракаментавала такі крок Кішынёва наступным чынам:
«Гэта чарговае звяно ў ланцужку неадэкватнага стаўлення цяперашніх малдаўскіх уладаў да паняцця «дэмакратыя» — яны проста, мабыць, не разумеюць, што гэта такое. Яны не разумеюць, што такое свабода слова, што такое правы і свабоды журналістаў».
Чытайце таксама:
«Тады ў вас не будзе газу». Малдова сцвярджае, што Расія назвала суму доўгу, узяўшы лічбы са столі
У Малдову не пусцілі кампазітара фільмаў Кустурыцы. У 2015 годзе ён выступаў у акупаваным Крыме
«Справа аб спадарожнікавых талерках». Малдова высылае 45 чалавек з пасольства Расіі