Каманда Расіі феерычна размалола зборную, якая буцы купіла перад гульнёй ва ўнівермагу
21.11.2023 / 13:53
Футбольная зборная ўсходніх суседзяў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну адхілена ад еўрапейскіх турніраў, таму гуляла паўтара года таварыскія матчы з зусім нятопавымі зборнымі з Афрыкі і Азіі. Учора дайшла чарга Кубы, якую ў Валгаградзе разграмілі з лікам 8:0.
Фота з сайта Sports.ru
На Кубе самыя папулярныя віды спорту гэта бейсбол і валейбол. А футбол зусім не карыстаецца папулярнасцю. Зборная Кубы займае 169-ы радок у рэйтынгу ФІФА. Беларусь — 100-я, і гэта вельмі слабы вынік. Усяго ў рэйтынгу ФІФА — 207 зборных, уключна з лядашчымі Сан-Марына і Амерыканскімі Вірджынскімі выспамі.
Кубінская дружына рэгулярна ўдзельнічае ў Залатым кубку КАНКАКАФ (турнір для каманд Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі), а ў чэмпіянатах свету ўдзельнічала толькі аднойчы, у 1938 годзе. Той чэмпіянат меўся прайсці ў Аргенціне, але ФІФА аддала яго Францыі і большасць зборных з амерыканскага кантынента байкатавала яго. У Еўропу паплылі толькі Куба і Бразілія. Тады турнір праводзіўся па сістэме плэй-оф, каманды стартавалі адразу з 1/8 фіналу. Куба прайшла Румынію, але ў чвэрцьфінале атрымала 0:8 ад Швецыі.
У Расіі кубінцам прыйшлося пераабувацца ў прамым сэнсе, піша sports.ru.
Гульцам Кубы проста ў Валгаградзе купілі новыя буцы, пра гэта распавёў генеральны сакратар кубінскай асацыяцыі футбола Мігель Анхель Дыяс.
«Паўстала пытанне патрэбных буцаў. У нас сінтэтычныя палі, як правіла, газон не такі вільготны, і таму выкарыстоўваем буцы з кароткімі шыпамі. Калі прыляцелі ў Расію, зразумелі, што нам патрэбны іншы абутак, каб згуляць матч.
Якасць было не гэтак важна, колькі характарыстыка абутку, каб была магчымасць нармальна згуляць у футбол на такім газоне», — расказаў чыноўнік.
Крыху пазней каментатар Дзмітрый Шнякін падзяліўся падрабязнасцямі: у мясцовага вытворцы буцаў замовілі 10 пар, але ў выніку не дамовіліся. У Валгаградзе кубінцы проста закупіліся ў «Спортмайстры»! Так-так, зборная Кубы прыехала ў ГЦ і ўзяла 11 пар.
«Яны ўзялі пару Demix, Exponenta Enrblast 46 памеру, некалькі пар Puma для натуральнага газона, у нас былі Ultra Match, і некалькі пар Adidas Crazyfast 4, — распавёў «РБ Спорт» работнік «Спортмайстра Аляксандр, які дапамагаў футбалістам з купляй. — Агулам выйшла дзесьці на 100 тысяч рублёў (каля 1200 даляраў).
Усё аплаціў Расійскі футбольны саюз: з імі быў расійскі агент, ён якраз аплаціў, таму што ў яго рублі былі — у іх [дэлегацыі зборнай Кубы] замежныя купюры. У іх там свае дамоўленасці, скажам так.
Чаму толькі адна пара Demix? Патрэбны быў вялікі памер, з Puma і Adidas настолькі вялікага не знайшлося, падышоў Demix».
Чытайце таксама:
Італія, Славенія і Чэхія згуляюць на чэмпіянаце Еўропы па футболе
Грузія, Казахстан і нават Люксембург маюць рэальны шанец прабіцца на Еўра-2024