Што распавядаюць першыя вызваленыя закладнікі ХАМАС
26.11.2023 / 17:53
Ізраіль і ХАМАС дамовіліся аб кароткім перамір'і і абмене закладнікамі. Першыя вызваленыя людзі распавядаюць, у якіх умовах іх утрымліваў ХАМАС.
Скрын відэа BBC
Сваякі 85-гадовай Яфы Адар, а таксама Руці Мундэр, Керэн Мундэр і Охада Мундэр-Зіхры — бабулі, мамы і ўнука — распавялі журналістам BBC пра іх знаходжанне ў закладніках у Газе і вяртанне дадому.
Па іх словах, баевікі кармілі іх у асноўным рысам і аладкамі, а спалі людзі на радах пластыкавых сядзенняў — падобных да тых, што выкарыстоўваюцца ў залах чакання.
«Калі ім трэба было ў прыбіральню, яны калацілі ў дзверы — часам ім даводзілася чакаць дазволу па паўтары гадзіны», — распавядае Мераў Равіў, чые цётка, стрыечная сястра і яе сын Охад былі захопленыя баевікамі ў кібуцы Нір-Оз 7 кастрычніка.
Родныя таксама распавялі пра тую вялізную радасць, якую яны адчулі пасля вяртання сваіх блізкіх. «Я так ганаруся тым, што я яе ўнучка», — кажа Ядва Адар, унучка 85-гадовай Яфы Адар.
У Ізраілі Яфа Адар, якая перажыла Халакост, стала сімвалам годнасці і спакойнага непадпарадкавання, пасля таго як у сетках з'явіліся кадры, на якіх група ўзброеных баевікоў ХАМАС вязе яе ў Газу.
«Я гляджу на яе, на тое, як яна перажыла гэта, на яе сілу і на тое, як яна змагла захаваць надзею на вяртанне», — дадала Ядва.
Яфа Адар. Фота перададзена BBC сям'ёй
Дом, у якім Яфа Адар жыла шмат гадоў, быў спалены баевікамі дашчэнту, і цяпер ёй няма куды вярнуцца, кажа яе ўнучка.
«Звычайна, калі табе за 80, у цябе ёсць дом, успаміны, фотаальбомы, а ў яе нічога не засталося. У старасці ёй трэба пачынаць усё спачатку, а гэта няпроста», — сказала Ядва Адар.
24 лістапада ў сектары Газа пачалася гуманітарная паўза. Згодна з пагадненнем паміж Ізраілем і ХАМАС, апошні бярэ на сябе абавязак вызваліць 50 чалавек у абмен на 150 палесцінскіх зняволеных.
У першы абмен закладнікамі баевікі ХАМАС вызвалілі 13 ізраільскіх закладнікаў і 12 рабочых з Тайланда, Ізраіль вызваліў 39 палесцінскіх зняволеных.
Чытайце таксама:
ХАМАС адклаў вызваленне палонных, пакуль Ізраіль не выканае пагадненне са свайго боку
Ізраіль і ХАМАС правялі першы абмен закладнікамі і зняволенымі
Баевікі ХАМАС вызвалілі 13 ізраільскіх закладнікаў і 12 рабочых з Тайланда