«Надзець на шыю стужку ЛГБТ — для мяне гэта проста край». Лёгкаатлетка Мірончык-Іванова расказала пра свае каляровыя фобіі
21.12.2023 / 22:53
Вядомая лёгкаатлетка з актыўнымі праўладнымі поглядамі Анастасія Мірончык-Іванова прыйшла ў прапагандысцкую праграму Марата Маркава на АНТ і там расказала пару выпадкаў з жыцця, калі ёй нібыта «канкрэтна навязвалі» ЛГБТ праз сцяжкі і стужачкі вясёлкавых колераў.
Анастасія Мірончык-Іванова. Фота: АНТ
Першая з гэтых гісторый тычылася выступлення на нейкіх спаборніцтвах:
«Мы выступалі на памосце. Па-мойму, гэта быў этап Брыльянтавай лігі альбо нейкі міжнародны турнір. Стаяў памост для скачкоў у даўжыню. Каля будынка адміністрацыі, парламента, па-мойму, праводзіліся гэтыя спаборніцтвы. І ўсё было ў ЛГБТ-сцяжках, у тым ліку ветрадуй, дзе спартсмены арыентуюцца на сцяжок.
Я стаю на разбегу і гляджу на ветрадуй, мне не вельмі прыемна. Ніхто нас пра гэта не пытаўся, ці варта яго ўсталёўваць з гэтым сцяжком. Гэта было навязванне канкрэтнае».
А другая была звязаная з колерам стужкі да медалёў чэмпіяната свету 2011 года, дзе Мірончык-Іванова спачатку здабыла чацвёртае месца, але пасля дыскваліфікацыі расіянкі Вольгі Кучарэнка паднялася на трэцяе:
«Яшчэ адзін выпадак у мяне быў, калі мне вярнуўся медаль з чэмпіянату свету — ён прыйшоў са стужкай ЛГБТ. Надзець на шыю стужку ЛГБТ — для мяне гэта зусім, гэта проста край… Я абрэзала гэтую стужку. Цяпер медаль у мяне без стужкі.
Часта прыходжу да дзетак у школу, яны задаюць пытанне, чаму медаль без стужкі. Я адказваю, што Беларусь — за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Так здарылася, што медаль прыйшоў са стужкай ЛГБТ, якую давялося выдаліць».
Чытайце таксама:
«Пазнаёміла дзяцей са светам армейскага спорту». Дзе цяпер легендарная вяслярка Кацярына Карстэн
Дык ці паедзе Недасекаў на Алімпіяду? Вось чаго чакаць ад аслаблення спартовага бану