Беларусаў, што з'ехалі за мяжу праз Расію, прызнаюць дармаедамі
31.01.2024 / 11:3
Прынцыпы вызначэння грамадзян Беларусі як дармаедаў змяняюцца ў Беларусі, вынікае з афіцыйна апублікаванай пастановы ўрада.
Дакумент змяняе палажэнне, першая версія якога была прынятая ў 2018 годзе. З тых часоў дакумент змянялі і дапаўнялі дзесяць разоў. Цяперашняе змяненне — адзінаццатае па ліку, піша «Спутнік».
Паводле дзейнай версіі, занятымі ў эканоміцы лічацца бацька ці маці (айчым, мачыха, апякун, удачарыцель і гэтак далей) дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. У новай рэдакцыі сказана, што гэтыя людзі павінны фактычна пражываць у Беларусі. Выключэнне — выезды за мяжу на лячэнне або аздараўленне.
Такая ж папраўка ўносіцца для жанчын, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў або траіх і больш непаўналетніх дзяцей.
Таксама памежны камітэт будзе перадаваць у «дармаедскую» базу звесткі пра беларусаў, якія выехалі праз Расію. Гэтыя звесткі памежнікі атрымаюць ад МУС, якім такую інфармацыю перадаюць расейцы.
ІП і сельскія жыхары
Ёсць і новаўвядзенні па сельскіх жыхарах. У дзейнай рэдакцыі занятымі ў эканоміцы лічацца тыя, хто жыве за кошт свайго прысядзібнага ўчастка па-за тэрыторыямі аблцэнтраў і Мінска.
У новай версіі сказана, што гэта не тэрыторыі па-за вялікімі гарадамі, а тыя раёны, якія вызначаць сваімі рашэннямі аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. Больш за тое, сельскі жыхар не павінен адсутнічаць у краіне 30 дзён і больш сумарна за квартал.
Новаўвядзенне па ІП палягае ў тым, што мала быць зарэгістраваным у якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Цяпер неабходна яшчэ і выплачваць падаткі. Выключэнне — выпадак, калі ІП вызвалены ад іх выплаты.
Калі ўступае ў сілу
Розныя часткі пастановы ўступаюць у сілу ў розны час. Да прыкладу, абзац, які тычыцца ІП — з 5 лютага. Больш за тое, нормы «распаўсюджваюць сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 кастрычніка 2023 года».
Нормы па шматдзетных маці, бацьках дзяцей-інвалідаў запрацуюць з 1 сакавіка.
Чытайце таксама:
З ліпеня ІП змогуць падаваць у падатковую толькі электронную дэкларацыю. Паслуга не бясплатная
Самазанятыя пачалі атрымліваць лісты пра залічэнне ў дармаеды. Як такое магчыма?