Галоўная доктарка мінскай бальніцы растлумачыла, чаму невялікія заробкі ў медыкаў — гэта добра
9.02.2024 / 9:43
Галоўная доктарка мінскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Святліцкая паспрабавала растлумачыць, чаму ў Беларусі не хапае медыкаў. Успомніла і пра невялікія заробкі — але раптоўна знайшла ў гэтым плюс.
Вольга Святліцкая. Скрыншот відэа Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё
— У 2022 годзе The Lancet публікаваў, што не хапае 6,5 мільёна дактароў у свеце. А ўжо сёлета прагучала, што не хапае 14 мільёнаў дактароў. Гэта звязана з аб'ектыўнымі фактарамі змены свету, — сказала яна ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Святліцкая згадвае, што нядаўна да іх у бальніцу прыязджалі італьянцы і скардзіліся на тое, што італьянскія медыцынскія ўніверсітэты стаяць пустымі.
— Казалі, што маладыя італьянцы не жадаюць станавіцца лекарамі. На наша здзіўленае пытанне — гэта ж адна з такіх добрых краін, дзе хацелася б быць доктарам і атрымліваць шмат грошай — яны адказалі, што не. Сёння дастаткова шмат спецыяльнасцей, дзе з меншай доляй адказнасці можна атрымліваць больш грошай.
Вольга Святліцкая падкрэсліла, што ў медыцыне высокая доля адказнасці. Яна прызнала, што людзі не хочуць працаваць у гэтай сферы па аб’ектыўных прычынах.
Але ж знайшла яна і плюс у тым, што ў беларускіх медыкаў невялікія заробкі:
— Цешыць тое, што той, хто застаецца цяпер у медыцыне ці хто прыходзіць цяпер у медыцыну, шчыры. Гэта тыя людзі, якія маюць высокую духоўнасць. Гэта значыць, тыя, хто хацеў сысці па грошы, ён сышоў.
А тыя, хто застаўся, яны хочуць лячыць, хочуць дапамагаць людзям. І ведаеце, такі селектар таксама ў нечым і нядрэнны.
Чытайце таксама:
Што вядома пра новага міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева?