Беларуску згвалтавалі і спрабавалі задушыць у цэнтры Варшавы
26.02.2024 / 22:22
У нядзелю, 25 лютага, у цэнтры Варшавы знайшлі 23-гадовую беларуску без прытомнасці са слядамі задушэння на целе. Дзяўчыну рэанімавалі і ў крытычным стане даставілі ў бальніцу, за яе жыццё змагаюцца лекары, паведамляе Most.
Праца паліцыі на месцы злачынства. Скрыншот відэа Miejski Reporter
Увечары таго ж дня затрымалі маладога чалавека, які, паводле версіі следства, датычны да нападу. Справа супраць яго распачатая паводле артыкулаў, звязаных са згвалтаваннем і замахам на забойства.
Маладую жанчыну знайшлі на лесвічнай клетцы дома па вул. Żurawia 47 раніцай 25 лютага. Паводле польскіх медыяў, яна была голай.
Інфармацыя адносна злачынства адрозніваецца. Выданне Miejski Reporter паведаміла, што нападнік накінуўся на ахвяру ззаду і, прыставіўшы нож да горла, уцягнуў у вароты дома, згвалтаваў, а затым стаў душыць. Іншыя рэсурсы, са спасылкай на паліцыю, не пацвярджаюць эпізод з нападам з нажом.
Пасля здзяйснення злачынства мужчына закупіўся ў краме недалёка ад месца злачынства, сеў у трамвай і з'ехаў. Каля 18.30 таго ж дня яго затрымалі ў кватэры ў варшаўскім раёне Макотуў. Паводле розных звестак, яму ад 23 да 30 гадоў. Miejski Reporter паведаміў, што ў яго дома паліцыянты знайшлі літаратуру на тэму забойстваў і згвалтаванняў.
Паводле звестак TVP.info, раней у затрыманага былі праблемы з наркотыкамі. 27 лютага мужчыну дапытаюць і выставяць яму абвінавачванні. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Першапачаткова паведамлялася, што ахвярай стала ўкраінка. Аднак 26 лютага Miejski Reporter і TVP.info паведамілі, што дзяўчына — грамадзянка Беларусі.
Чытайце таксама:
Футбаліст падаў пазоў на €1,25 мільёна з жанчын, якія абвінавацілі яго ў згвалтаванні
У Магілёве раскрылі рэзананснае забойства 11-гадовай дзяўчынкі, што адбылося 25 гадоў таму