Не капітуляцыя Украіны — у Ватыкане патлумачылі рэзанансную заяву Папы наконт вайны
10.03.2024 / 10:34
Папа Францішак, гаворачы аб вайне ва Украіне, выкарыстоўваў фразу «белы сцяг», не маючы на ўвазе, што ўкраінцам трэба капітуляваць. Словы пантыфіка растлумачыў дырэктар прэс-службы Ватыкана Матэа Бруні.
Папа Францішак. Фота: AP Photo / Alessandra Tarantino
Вобраз «белага сцяга» ў часе гутаркі з пантыфікам выкарыстаў інтэрвʼюер, і Папа ў адказ ужыў прапанаваную фразу, каб ёю пазначыць перамірʼе, якога можна дамагчыся «дзякуючы адвазе перамоваў», публікуе Vatican News словы дырэктара прэс-службы Ватыкана Матэа Бруні.
Сваімі словамі Папа меў намер прасіць пра спыненне агню і аднаўленне мужнасці перамоваў, пра «стварэнне ўмоў для дыпламатычнага рашэння ў пошуках справядлівага і трывалага міру».
«У іншым месцы інтэрвʼю, гаворачы аб іншай канфліктнай сітуацыі, але маючы на ўвазе любую ваенную сітуацыю, Папа дакладна заявіў: «Перамовы ніколі не зʼяўляюцца капітуляцыяй», — падкрэсліў ён.
Пантыфіка ў інтэрвʼю швейцарскай тэлерадыёкампаніі спыталі, якую ён мае пазіцыю ў дэбатах паміж тымі, хто кажа, што Кіеў павінен здацца, бо нібыта «не змог даць адпор» расійскім акупантам, і людзьмі, якія ўпэўнены, што такім чынам агрэсіўныя дзеянні Расіі будуць узаконены. Пры гэтым інтэрвʼюер выкарыстоўваў фразу «белы сцяг».
Папа адказаў: «Я лічу, што мацнейшым будзе той, хто глядзіць на сітуацыю, думае пра людзей, мае смеласць падняць белы сцяг і весці перамовы». Ён дадаў, што перагаворны працэс павінен адбыцца з дапамогай іншых краін. Гэтая фраза выклікала вялікі рэзананс.
Чытайце таксама:
Папа Францішак атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Жыровіцкай
Прэзідэнт Аргенціны сустрэўся з папам Францішкам, якога ён называў імбецылам
Пуцін павіншаваў з Новым годам толькі трох еўрапейскіх лідараў. І Лукашэнку