Як камбінаваць рэчы з нацыянальнымі матывамі з сучаснымі? Ідэі ад модных беларусак і беларусаў
12.05.2024 / 7:0
Спалучэнне сучаснасці і традыцыйнасці сёння — стоадсоткавы трэнд, які ўсё актыўней можна заўважыць на модніках. Сабралі для вас некалькі свежых ідэй, дзе рэчы з народнымі, гістарычнымі матывамі стылёва спалучаюцца з паўсядзённымі мадэлямі з крам — натхняцца дазваляецца.
Блогерка і папулярызатарка беларускай мовы Ліза Ветрава нядаўна ў сваіх сацсетках анансавала чэлендж: штодзень упісваць у вобразы рэчы з народнай разыначкай. І ў яе цудоўна атрымлівалася.
Адзін з цікавых вобразаў, які будзе суперактуальны для вясновых, яшчэ не заўсёды цёплых вечароў — белая кашуля з арнаментам, накінутая паверх цішоткі ці сукенкі. У якасці аксэсуара, які дапаўняе карціну — падвеска на ланцужку з сілуэтам Беларусі.
Фота: li_vetrava
Рашэнні спявачкі Івы Сацівы ў спалучэнні рэчаў з розных гісторый — адны з самых смелых і яркіх. Красоўкі, рэчы ад «Адзідас», косы, карункі, салома, бабуліны хусткі, футры — здаецца, у свеце не так шмат людзей, на кім гэта ўсё разам глядзелася б настолькі гарманічна.
Фота: @panisativa
Дызайнерка Воля Этыка ў сваёй працы спецыялізуецца на тым, што звычайным рэчам з таго ж сэканд-хэнда дае другое дыханне — атрымліваецца не толькі стылёва, але і экалагічна.
Фота: @proekt_etika
Шмат рэчаў Волі — акурат, пра беларускія нацыянальныя ўзоры, якія дадаюць унікальнасці сцэнічным вобразам артыстаў (Naviband, Trava і іншых) ды і звычайным лукам беларусаў.
Naviband у пінжаках, расшытых праектам Этыка
Таксама дызайнерка пляце прыгожыя гарлячкі і дае магчымасць зрабіць гэта кожнаму самастойна: у Волі можна купіць спецыяльныя наборы з падрабязнымі інструкцыямі. А яшчэ яна стылізуе некаторыя здымкі, у прыватнасці — ютуб-шоу «Обсуждаем».
Адзін з вядучых шоу Глеб Сямёнаў у манішцы з вінтажнай фіранкі, як у вашай бабулі на акне, ад брэнда TSUDA. У іх, дарэчы, таксама шмат рэчаў з нацыянальнай эстэтыкай — ад панам да сукенак
Калі мы ўжо згадалі гурт Naviband, то вось пара стылізацый-міксаў сучаснасці і гісторыі. Ксюша і Арцём часта эксперыментуюць з гардэробам у такім кірунку.
Фота: @naviband
Вельмі прыгожыя ідэі стылізацый, у якіх адчуваецца любоў да радзімы, часам можна пабачыць у выкананні архітэктаркі Ганны Каспяровіч.
Фота: @h_kaspiarovich
Праваабаронца Дзіяна Пінчук гарманічна ўмудраецца спалучаць у сваіх луках панк, гранж, кэжуал, вінтаж і дызайнерскія рэчы з нацыянальным каларытам.
Спалучэнне сукенкі-вышыванкі і кедаў. Фота: @dzi_chka
Лозунг фолк-фэшн брэнда Kanva — рабіць беларускае сэксі, і ў іх гэта, здаецца, атрымліваецца. Як вам такое прачытанне саламяных вырабаў і павукі-абярэгі, якія са столяў продкаў перакачавалі на вушы модніц?
Фота: @kanva_kasciume
Чытайце таксама:
«Яе завуць дырэктарам морга». Беларуска з Новай Зеландыі напісала кнігу пра жыццё на Палессі
Беларуска прывезла на тыдзень моды ў Парыжы льняныя вясельныя сукенкі ФОТЫ
«Ператвараю смецце ў грошы»: дзяўчына купляе ў сэкандах вопратку за капейкі, а потым робіць з яе дызайнерскія ўборы