Памежны пераход у Баброўніках пакуль адкрываць не будуць — Сікорскі
3.06.2024 / 22:25
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што пункт пропуску ў Баброўніках (з беларускага боку — Бераставіца) на мяжы з Беларуссю цяпер адкрываць не час, хоць раней прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск гэтага не выключаў.
Памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца перад закрыццём. Скрын з відэа
Радаслаў Сікорскі адзначыў, што асабіста «таксама хацеў бы, каб гэтая мяжа была ў зусім іншым стане». Але аднаго жадання тут недастаткова, калі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна адкрыта вядуць супраць Польшчы і ўсёй Еўропы гібрыдную вайну і выкарыстоўваюць дзеля гэтай мэты нелегальных мігрантаў з паўднёвых краін, а ўнутры Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі.
«Цяпер у Беларусі адбываюцца найбуйнейшыя рэпрэсіі ў гісторыі гэтага рэжыму. Таму, на жаль, мне вельмі шкада, таму што я таксама хацеў бы, каб нашы прадпрымальнікі маглі весці нармальную дзейнасць, але менавіта Лукашэнка з Пуціным знаходзяцца ў гібрыднай вайне з Еўропай, а не наадварот», — сцвярджае польскі міністр.