Замест Пакістана — Чавусы: беларуска, якая 2 гады адна падарожнічае па свеце, вырашыла пешшу прайсці палову Беларусі
6.07.2024 / 14:29
Апошнія два гады беларуска Ганна Бяляева прысвяціла кругасветнаму падарожжу. Яна адна наведала ўжо 55 краін, але нарэшце вырашыла паглядзець родную Беларусь і пайшла пешшу з Мінску ў Чавусы. Усім, хто сумуе па беларускіх краявідах, глядзець абавязкова!
Ганна Бяляева. Тут і далей фота з яе інстаграма
Пра свае прыгоды вандроўніца распавядае ў інстаграме. Крыху цікавай статыстыкі: яна ўжо паспела ажыццявіць кругасветнае падарожжа (адно цалкам, другое не скончыла), наведаць 5 кантынентаў, 55 краін, 179 гарадоў, 6 разоў перасекчы экватар. Прыкладна 700 кіламетраў Ганна прайшла пешшу і каля 5 тысяч кіламетраў праехала аўтастопам. Яна была на вышыні 6130 метраў над узроўнем мора. Мінімальная тэмпература, з якой сутыкнулася дзяўчына, — -34°C, максімальная — +42°C. А яшчэ яна пабывала ў 7 шпіталях і двойчы падчапіла ліхаманку.
У пачатку чэрвеня дзяўчына вярнулася з Занзібара. Яна пажартавала, што сябры рабілі стаўкі, ці не развернецца яна на мяжы і не з'едзе ці куды-небудзь на Паўночны полюс.
— Шчыра кажучы, пару тыдняў назад я выдаткавала некалькі гадзін, выглядаючы квіткі ў Пакістан. Палец застыў над танным пералётам, а я — на скрыжаванні выбару. Але пакістанаў у свеце шмат, іх жыцця не хопіць усё аб'ехаць. На мяжы я не развярнулася.
Ганна вырашыла, што нарэшце надышоў час вандраваць па айчыне. І вось чаму ў яе з’явіліся такія думкі.
— Неяк раз у прамерзлай Патагоніі, у месцы, якога нават няма на карце, я выйшла з машыны гаўча, каўбояў аргенцінскіх. Выйшла шукаць гасцініцу, хостэл, хоць нешта. У вёсцы з пяці вуліц, аслоў і коней нічога такога не было і я засталася ў мясцовай бабулі.
Пасля гэтага, піша Ганна, у яе жыцці было шмат і хат, і бабуляў, і месцаў, якіх няма на карце. Яна камунікавала з індзейцамі кечуа, рыбакамі Амазоніі, сектантамі Індыі, руандыйскімі пенсіянерамі.
— Я нядрэнна акунулася ў глыбіні самых розных куткоў нашай планеты. А зараз я ў Беларусі, у краіне, дзе нарадзілася і вырасла. І я амаль нічога не ведаю аб гэтым месцы.
Вось таму замест палёту ў Пакістан Ганна пайшла ў Чавусы — у бацькоўскі дом. Паўсюль на сваім шляху яна пакідала адзнакі — мілыя налепкі з вавёркамі, каб пазначыць маршрут.
Уся вандроўка даўжынёй 300 кіламетраў заняла 11 дзён. Максімальна за дзень яна пераадолела каля 70 кіламетраў пешшу.
Частавалася тым, што раілі мясцовыя. Напрыклад, у Смілавічах ёй паказалі знакамітую чабурэчную. Там Ганна пачула пра яшчэ адну мясцовую знакамітасць — бацюшку, які выганяе дэманаў. Зразумела, што ёй захацелася паразмаўляць з такім экспертам. Аднак аказалася, што да бацюшкі проста так не патрапіць — да яго запіс на некалькі месяцаў наперад.
Дарэчы, Ганна цікавіцца рознымі рэлігіямі і ў кожнай краіне імкнецца наведаць рэлігійная будовы. Яна размаўляе і са служкамі, і з прыхаджанамі. У Беларусі дзяўчына трапіла ў жаночы манастыр, дзе ёй дазволілі нават застацца на ноч.
— Я пасябравала там з адной сястрой, яна старэйшая за мяне гадоў на 40, але ў яе вачах я ўбачыла маладую дзяўчыну. Я расказала ёй пра вялікія мячэці, пра спальванне цел, пра тое, як рэлігіі падобныя ва ўсім свеце, як людзі падобныя, вернікі і няверуючыя. Яна падарыла мне кнігу, а на развітанне сказала, што хацела б зрабіць тое, што зрабіла я.
У адносна буйных гарадах Ганна начавала ў гасцініцах і атрымлівала асалоду ад аўтэнтычнага беларускага сэрвісу. А ў вёсках, дзе людзі больш адкрытыя, прасілася на начлег да мясцовых. Так яна начавала, напрыклад, у хаце траўніцы. Гэта сустрэча вельмі ўразіла Ганну:
— У Паліны на стале Біблія, Талстой і Дао дэ Цзін. У кутку з абразамі проста рай для этнографа. Паліна мне паказала п'явак, як паліць ладан і сушыць валошкі. Паліна праехала аўтастопам усю Еўропу, гаворыць на некалькіх мовах, аднаўляе дом бабулі, два гады таму сыходзіла ў манастыр. Паліна вучыць грэцкую. Паліна сядзіць са мной на канапе і п'е гарбату, а мне хочацца пасадзіць яе ў свой заплечнік і забраць з сабой.
У Магілёве сябры Ганны зрабілі ёй сюрпрыз. Яны замовілі рэкламу і на вялікім экране ў цэнтры горада дзяўчына пабачыла сваё фота з віншаваннямі: «Анюта, з прыездам!».
Скончылася вандроўка на філасофскай ноце:
— Апошняя раніца. Рукі дрыжаць так, як быццам сканчаецца не кругасветка, а маё жыццё. Збіраю заплечнік, развітваюся з гаспадаром, выходжу. 20 кіламетраў. Мама, тата бабуля, сабакі, кот Персік, рыбкі ў сажалцы і іншае. Кругасветка скончылася, а жыццё не. Калі Cogito, ergo sum, то ў мяне было «кругасветнічаю, значыць існую». Але вось на фатаграфіі, зробленай яшчэ ў маі на Кіліманджара, я ўсміхаюся і думаю, што гэта і ёсць завяршэнне. Для мяне тады пакарэнне і было канцом. Але вось вам добры напамін, што ніякага канца не бывае. Усе ж бачылі, колькі прыгод пасля Кіліманджара адбылося? А колькі яшчэ адбудзецца?