На цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў дыктар пераблытаў дзве Карэі. Запахла міжнародным скандалам
27.07.2024 / 16:19
Прадстаўляючы Паўднёвую Карэю падчас цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы, дыктар назваў краіну «Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай», хоць на экранах трансляцыі ў гэты момант была напісаная правільная назва гэтай краіны — Рэспубліка Карэя.
Дэлегацыя Паўднёвай Карэі падчас адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Фота: Markus Gilliar — GES Sportfoto/Getty Image
Паўднёвых карэйцаў памылка абурыла, бо краіна дагэтуль знаходзіцца са сваёй паўночнай суседкай у стане вайны. Міністр спорту Паўднёвай Карэі нават звярнуўся ў МЗС краіны з просьбай выказаць рэзкі дыпламатычны пратэст Францыі.
Каб прыгасіць магчымы міжнародны скандал у зародку, Міжнародны алімпійскі камітэт напісаў у сваім афіцыйным акаўнце сеткі Х пра тое, што вельмі шкадуе пра памылку.
Не абышлося без непаразумення і ў іншым элеменце мерапрыемства: падчас урачыстага ўзняцця сцяга на плошчы каля Эйфелевай вежы арганізатары памылкова перавярнулі яго дагары нагамі. Але гэтым годнасць ніякай канкрэтнай краіны закранутая не была.