Тынейджарка з Японіі стала алімпійскай чэмпіёнкай у 14 год. Прычым у якой дысцыпліне!
29.07.2024 / 9:42
6 жніўня ў дысцыпліне «парк» выступіць кітаянка, якой усяго 11 гадоў.
Како Ёшыдзава. Фота: Julian Finnet / Getty Images
Спаборніцтвы па скейтбордынгу праходзяць ужо на другой Алімпіядзе запар. І на другой Алімпіядзе ў іх перамагаюць падлеткі. 28 ліпеня ў спаборніцтвах дзяўчат у дысцыпліне «стрыт» выйграла 14-гадовая дзяўчынка, піша Championat.com.
У фінал «стрыту» выйшлі восем скейтбардыстак. Сярод іх прызёры папярэдняй Алімпіяды: 16-гадовая бразільянка Раіса Леал, якая ўзяла срэбра ў Токіа, і 19-гадовая японка Фуна Накаяма — бронзу. Памылак тут няма, на мінулых гульнях дзяўчынкам было ўсяго 13 і 16 адпаведна.
А перамогу ў Токіа тры гады таму атрымала 13-гадовая японка Мамідзі Нісія. У Парыжы яе няма, але ў фінале ў Японіі і без алімпійскай чэмпіёнкі было самае саліднае прадстаўніцтва — тры з васьмі ўдзельніц.
Яшчэ перад стартам фіналу стала зразумела, што ўзроставы рэкорд пабіць не атрымаецца — самай юнай фіналістцы «стрыту» ўжо споўнілася 14.
І менавіта 14-гадовая Како Ёсідзава стала чэмпіёнкай. Яна амаль на сем балаў апярэдзіла сваю суайчынніцу — 15-гадовую Ліз Акаму. Замкнула тройку прызёраў сярэбраная медалістка Токіа Раіса Леал. Ёй, нагадаем, 16.
«Я адчувала, што ў чымсьці мне не хапала практыкі і што я была занадта асцярожная. Мне трэба пераасэнсаваць фінал», — сказала Ёсідзава.
Мяркуючы па словах, гэтая юная чэмпіёнка вельмі патрабавальная да сябе. Зрэшты, пытанні да свайго выступлення былі і ў Акамы, якая наракала на тое, што не змагла выканаць свой асаблівы трук. Задаволенай была толькі бразільянка.
«Цяпер я ведаю, што такое сапраўдныя Алімпійскія Гульні. Тут так шмат бразільскіх заўзятараў. Гэта вар'яцтва! Я старалася з усіх сіл, зрабіла ўсё, што магла, і я сапраўды шчаслівая!» — радавалася Леал.
Застаецца толькі дадаць, што 14-гадовыя спартсменкі — не самыя маладыя ўдзельніцы спаборніцтваў па скейтбордынгу на Алімпіядзе ў Парыжы. 6 жніўня ў дысцыпліне «парк» выступіць кітаянка Чжэн Хаахаа. Дзяўчынцы ўсяго 11 гадоў.