Латушка патлумачыў, чаму апазіцыя падпісала пратакол аб лідарстве Ціханоўскай
5.08.2024 / 23:21
Сябра Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка адрэагаваў на абвінавачанні, што дэмакратычныя сілы Беларусі, прызнаўшы на канферэнцыі «Новая Беларусь» Святлану Ціханоўскую нацыянальнай лідаркай да правядзення свабодных і сумленных выбараў у Беларусі ці яе асабістага рашэння скласці з сябе гэтыя паўнамоцтвы, нібыта «пабудавалі дыктатуру».
Павел Латушка
Павел Латушка адзначыў як характэрны факт, што на гэтую навіну ў абвінаваўчым стылі «аднымі з першых адрэагавалі топ-прапагандысты рэжыму і некаторыя «незалежныя расійскія СМІ», накшталт Sota». А далей тлумачыць, што дэмакратычныя сілы насамрэч пабудавалі і навошта. І ці сапраўды ўсё так страшна, як гэта падаюць.
Па-першае, і «дыктатура», і «манархія», сцвярджае Латушка, прадугледжваюць валоданне рэальнай уладай, чаго ў беларускіх дэмакратычных сілаў відавочна няма ані блізка.
А таму гэта гісторыя не пра ўладу ў дэмсілах, а гісторыя барацьбы з рэжымам Лукашэнкі.
Для гэтай жа барацьбы, падкрэслівае палітык, патрэбная сістэмная альтэрнатыва і легітымнае лідарства, якое Латушка зноў такі заклікае не блытаць з рэальнай уладай. Неабходнасць жа наяўнасці гэтага лідарства звязаная ў тым ліку з міжнароднай падтрымкай і ўзроўнем рэпрэзентацыі беларусаў ды лабіравання падтрымкі іх барацьбы на міжнароднай арэне.
«Дык вось чым вышэйшы наш узровень — тым вышэйшая гэтая падтрымка. Адмаўляемся ад гэтага, адмаўляемся ад суб'ектнасці — і тады рэжым Лукашэнкі становіцца безальтэрнатыўным варыянтам, прызнаваць пачынаюць яго», — сцвярджае Латушка.
Лукашэнка акурат і прагне пазбавіцца ад альтэрнатывы, а таму гэта тое, чаго дэмакратычныя сілы не могуць дапусціць, калі хочуць яго перамагчы.
Прымаючы рашэнне аб падпісанні пратакола, было ўсведамленне, што гэта будзе ўспрынята неадназначна, але ёсць таксама і разуменне, што пытанне «кадэнцыі» Ціханоўскай будзе ключавым пунктам атакі прапаганды і лабістаў рэжыму для ліквідацыі створанай дэмсіламі сістэмы інстытутаў. Менавіта таму дэмакратычныя сілы і пайшлі на падпісанне пратакола менавіта ў такім не вельмі папулярным выглядзе,
«бо захаванне і ўмацаванне альтэрнатывы рэжыму, яе суб'ектнасці для нас важней зарабляння медыйных ачкоў. Рэжым Лукашэнкі павінен зразумець, што мы нікуды не дзенемся, альтэрнатыва яго рэжыму нікуды не дзенецца і не самараспусціцца, пакуль ён існуе. А свабодныя і сумленныя выбары — не сыдуць з парадку дня і нікуды не падзенуцца са спісу нашых патрабаванняў. І старонка не будзе перагорнутая, пакуль гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя».
Перамовы ж з рэжымам могуць, як сцвярджае Латушка, адбыцца на ўмовах вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсій і публічнай заявы Лукашэнкі аб тым, што ён не ідзе на выбары і пакідае пасаду кіраўніка УНС.
«У гэтым выпадку мы таксама гатовыя спыніць сваю палітычную дзейнасць за мяжой і вярнуцца да яе ўжо ў рамках свабоднага, сумленнага дэмакратычнага працэсу ўнутры краіны, у Беларусі», — падсумоўвае палітык.
Чытайце таксама:
На канферэнцыі «Новая Беларусь» прынялі «Платформу 2025»
Замест Сахашчыка ў Аб'яднаным пераходным кабінеце цяпер будзе Кабанчук
Латушка пракаментаваў прапанову рэжыму выдаць яго ў абмен на Пачобута
Лукашысты прапаноўвалі палякам у абмен на вызваленне Пачобута выдаць ім Латушку — былы міністр