Былы менеджар Twitter атрымаў $600 000 за тое, што не адкрыў ліст Ілана Маска
16.08.2024 / 14:27
На слуханнях Гары Руні растлумачыў, што баяўся адкрываць ліст з-за магчымых шкоднасных праграм.
Фота: Dimitrios Kambouris / Getty Images
Былы супрацоўнік Twitter атрымаў кампенсацыю ад кампаніі пасля звальнення з-за таго, што не адказаў на электронны ліст Ілана Маска, звярнуў увагу Devby.io.
Гары Руні працаваў у еўрапейскім офісе Twitter у Дубліне з 2013 года, на момант звальнення ён займаў пасаду дырэктара па забеспячэнні. У лістападзе 2022 года, пасля пакупкі сацсеткі Іланам Маскам, супрацоўнікі атрымалі ліст ад бізнэсоўца, які ўтрымліваў патрабаванне павысіць прадукцыйнасць і апавяшчэнне наконт абавязковых перапрацовак.
У выпадку нязгоды з новай палітыкай кіраўніцтва Маск прапаноўваў работнікам звольніцца.
Маск дадаў, што тыя, хто не націсне «так» да наступнага дня, атрымаюць трохмесячную кампенсацыю за звальненне. Праз тры дні кампанія даслала Руні ліст, у якім паведаміла, што прызнае яго «рашэнне аб звальненні», хоць сам работнік ніколі не паведамляў пра сваё жаданне звольніцца.
На слуханнях ён растлумачыў, што баяўся адкрываць ліст з-за магчымых шкоднасных праграм. Камісія па працоўных адносінах Ірландыі, якая разглядала справу, палічыла, што суткі — недастатковы тэрмін для прыняцця такога рашэння.
Рэгулятар прысудзіў Руні 550 тысяч еўра ($605 тысяч) кампенсацыі.