Украіна падала саюзнікам спіс цэляў, па якіх хацела б біць дальнабойнымі ракетамі
14.09.2024 / 21:44
Украіна перадала ЗША і Вялікабрытаніі спіс цэляў на тэрыторыі Расеі, па якіх хацела б наносіць удары з дапамогай іхніх дальнабойных ракет. Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на дасведчаныя крыніцы сярод еўрапейскіх дыпламатаў.
Сістэма ATACMS. Фота: South Korean Defense Ministry via Getty Images
У пералік уваходзяць камандныя цэнтры, склады паліва і ўзбраення, а таксама месцы засяроджвання жывой сілы.
Першапачаткова Кіеў запытваў дазвол на выкарыстанне амерыканскіх дальнабойных ракет ATACMS для атак на расійскія аэрадромы, але ў Пентагоне растлумачылі, што 90% самалётаў, якія РФ выкарыстоўвае для бамбаванняў украінскай тэрыторыі, знаходзяцца больш чым за 300 кіламетраў ад мяжы — за межамі радыусу дзеяння гэтых ракет.
Акрамя ATACMS, украінскія вайскоўцы таксама разлічваюць выкарыстоўваць брытанскія ракеты Storm Shadow і іх французскі аналаг SCALP.
Калі для брытанскіх уладаў патрабуецца ўзгадненне з ЗША на выкарыстанне падобных ракет, то Францыі такі дазвол не патрэбны, адзначыў французскі дыпламат у гутарцы з Reuters.