ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу
15.10.2024 / 17:52
У сваім тэлеграм-канале ГУБАЗіК паведаміў, што патэлефанавалі спеваку Максу Каржу і выклікалі яго на гутарку. Нагодай для гэтага стаў нібыта «шэраг скаргаў».
Макс Корж. Фота: Wikimedia Commons
Сілавікі незадаволены тым, што на яго канцэртах некаторыя людзі ўздымаюць бчб-сцягі, а самога Каржа вінавацяць у падтрымцы Украіны ў вайне.
Цяпер спявак, як сцвярджаецца, за мяжой, ён не затрыманы. Апошнія канцэрты артыста былі ў іншых краінах.
Макс Корж — адзін з самых вядомых беларускіх спевакоў. Апошнія гады ён не выступаў у Беларусі, бо яго ўнеслі ў чорны спіс. Праз сваю антываенную пазіцыю артыст не можа даваць канцэрты і ў Расіі, дзе ў яго вялізная аўдыторыя.
У 2022 годзе пасля пачатку вайны ён выпусціў песню «Свой дом». Там ёсць наступныя радкі: «Тот прав, кто защищает свой дом». У другія ўгодкі вайны прэзентаваў песню «Халодная раніца».
У ліпені 2024 на канцэрце ў Таліне ён заклікаў спыніць вайну. «Можна жыць у кайф, але пакуль мы не спынім вайну, паўнавартасна жыць у кайф у нас не атрымаецца. Спыніце вайну. Ніхто, акрамя нас, яе не спыніць», — заявіў са сцэны артыст.