Генералаў Хрэніна і Вальфовіча адправілі на дровы
10.11.2024 / 21:51
Пасля заўвагі Лукашэнкі калоць дровы давялося і сілавікам.
Сілавікі на кучы дроў. Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»
Як піша тэлеграм-канал прэс-службы палітыка, пасля чэмпіяната па колцы дроваў Аляксандр Лукашэнка спытаў: «Журналісты колюць, а чыноўнікі і генералы — дзе?»
У адказ на гэта некаторым чыноўнікам і сілавікам давялося сфатаграфавацца на фоне дроваў.
«Сёння выправіліся», — падпісаў фота тэлеграм-канал Лукашэнкі.
На здымку можна разгледзець міністра абароны Віктара Хрэніна, дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча, старшыню камітэта Дзяржкантролю Васіля Герасімава. У чорным адзенні з чорнай кепкай, меркавана, кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі.
На самім чэмпіянаце па колцы дроваў Лукашэнка паказаў, можна сказаць, спектакль. Ён прымусіў працаваць калунамі найбліжэйшых людзей са свайго атачэння: доктарку Святлану Канашэнка, прэс-сакратарку Наталлю Эйсмант, сенатара Дзмітрыя Баскава (той начапіў чырвоны бомбер з надпісам «СССР»), бізнэсоўца Сяргея Цяцерына і мытніцу Уладлену Зайцаву, якая часта з’яўляецца побач з ім у апошнія гады (цяпер працуе ў прыёмнай Лукашэнкі).