БЕЛ Ł РУС

Гісторыя

У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу

26.11.2024 / 0:2

Nashaniva.com

10 красавіка 1942 года на Магілёў абрынулася буйная паводка. Гісторык Аляксей Бацюкоў лічыць яе самай буйной тэхнагеннай катастрофай на тэрыторыі Беларусі і плануе выпуск фотаальбома-даследавання пра тыя падзеі. «Будзьма» пагутарыла з аўтарам пра кнігу, пра тое, чаму здарылася паводка і які след яна пакінула ў афіцыйных дакументах і ўспамінах магілёўцаў.

Аляксей Бацюкоў. Фота з асабістага архіва героя

— Чаму менавіта пра гэту частку гісторыі Магілёва Вы рыхтуеце кнігу?

— Давід Алег Лісоўскі, магілёвец, які цяпер жыве ў Германіі, сабраў грандыёзную калекцыю фотаздымкаў гэтай падзеі, а я знайшоў матэрыялы пра яе ў Магілёўскім абласным дзяржаўным архіве. Вырашылі скласці гэта ўсё разам. 10—15 год таму былі вядомыя толькі два фота магілёўскай паводкі. Яны захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі. Потым аказалася, што такія выявы даволі часта сустракаюцца на нямецкіх аўкцыёнах, бо гэта падзея была грандыёзнай для людзей, якія тады былі ў Магілёве, і яны яе фіксавалі.

Ледзь не кожны нямецкі салдат меў пры сабе фотаапарат. Многія з іх, прадчуваючы катастрофу, рабілі здымкі чыгуначнага насыпу, які вось-вось абрынецца. Давід Алег Лісоўскі выкупляе фотаздымкі Магілёва часоў Першай і Другой сусветных войнаў на нямецкіх аўкцыёнах. Канкрэтна пра паводку ў яго ўжо амаль 90 выяў. У кнігу ўвойдуць таксама ўжо згаданыя фота з магілёўскага музея і здымак з прыватнай калекцыі (сямейнага фотаальбома).

— Чаму нямецкія салдаты і ў Першую, і ў Другую сусветную вайну, едучы ваяваць, бралі з сабой фотаапараты?

— Паездку на вайну яны ўспрымалі як вялікую-вялікую прыгоду. Для іх гэта была такая авантура, падчас якой яны хацелі сфатаграфаваць сябе і сваё навакольнае асяроддзе на памяць. Гэта ў іх была цалкам асэнсаваная, турыстычная мэта — пабачыць новыя мясціны і зафіксаваць.

З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

— Што, уласна, адбылося ў Магілёве 10 красавіка 1942 г., адкуль паводка?

— Калі Чырвоная армія адступала, яна падрывала інфраструктуру, якой маглі карыстацца потым нямецкія вайскоўцы. У тым ліку знішчылі чыгуначны мост праз раку Дубравенку і хацелі падарваць чыгуначны насып (у той час у кірунку на Асіповічы і Мінск функцыянавала дзве чыгуначныя лініі: па мосце і па насыпе, які зрабілі пасярод ракі, пусціўшы ваду праз яго ў трубу).

Мост разбурылі, а насып разбурыць не змаглі нават пры дапамозе трох выбухаў. Ён проста прасеў і спыніў раку, якая праз яго цякла. Гэта адбылося ў ліпені 1941 года. Ужо да канца года магілёўскія гарадскія чыноўнікі сталі біць трывогу, што збіраецца вада, і калі будзе паводка, то яна можа знесці і насып, і дамы далей уздоўж плыні Дубравенкі. А чыгуначны насып знаходзіўся ў тым жа месцы, што і сёння, недалёка ад гасцініцы «Магілёў».

Дубравенка і стары чыгуначны мост. Лета 1941 года. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Дубравенка — невялікая рэчка, каля 15 км даўжыні, але даволі агрэсіўная падчас паводкі. Нават у наш час яна, бывае, бурліць, затоплівае гароды. Дубравенка хутка скідае воды, але гэта бывае даволі відовішчна. Магілёўцы баяліся паводкі, возера, што пачало збірацца перад насыпам. Спрабавалі прабурыць штольню ў масіве насыпа, каб спусціць ваду. Бурылі каля трох месяцаў, пад канец нават круглыя суткі, у тры змены.

Магілёўскім інжынерам дапамагала нямецкая арганізацыя «Тодта», якая дзейнічала пры арміі. Штольню пракладалі вельмі пісьменна, ставячы спецыяльныя апоры праз кожны метр. Ледзь дабраліся да цэнтра насыпу — і ўсё застапарылася. Выкарыстоўвалі металічны ліст, каб праганяць штольню. Вялікая маса мокрай зямлі проста заціснула інвентар працаўнікоў. 

Дубравенка ніжэй за новы насып. Сакавік 1942 года. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Калі стала зразумела, што прабурыць штольню не атрымаецца, сталі думаць пра іншыя шляхі вырашэння праблемы. Але немцы ўвесь час выкарыстоўвалі чыгунку на насыпе і забаранілі там праводзіць якія-кольвек работы. Потым яны ўзнавілі мост побач з насыпам і сталі ўжо самі займацца спускам вады. Верагодна, немцы сталі падрываць насып. Ёсць яго здымак з аграмаднай варонкай. Верагодна, калі б яны яго не чапалі, то, можа, нічога і не адбылося б. Можа, яшчэ і два, і тры гады б гэтае возера збіралася і збіралася. Але яны настолькі моцна знішчылі насып, што ў нейкі момант рэчка паплыла. 

— Ці моцныя былі знішчэнні?

— У Магілёўскім абласным дзяржаўным архіве я знайшоў спісы людзей, якія пісалі заявы, што яны пацярпелі ад паводкі. Па сярэдніх значэннях я падлічыў, колькі магла быць агульная колькасць пацярпелых і загінулых. Па адной групе дамоў падлічана дакладна, колькі там жыло людзей перад паводкай і пасля. Ведаючы, колькі дамоў было ў пойме Дубравенкі ў той час, я экстрапаляваў на ўсю групу падлічанае значэнне страт, і атрымалася, што загінула троху больш за сто чалавек. 

Гэта даволі малая лічба, бо ў газеце, якую выдавалі акупацыйныя нямецкія ўлады, пісалі пра дзве-тры тысячы пацярпелых ад паводкі. Нямецкі даследчык Герлах падлічыў агульную колькасць ахвяр, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі падчас нямецкай агрэсіі. Па Магілёве ён называе лічбу каля 500 ахвяр паводкі. Я лічу, гэта рэалістычная колькасць: троху больш за сто чалавек — гэта з тых, што жылі ў пойме Дубравенкі, і яшчэ тыя, хто апынуўся на шляху вады выпадкова. Вядома, напрыклад, што змыла лазню, у якой мыліся людзі. На кірмаш нехта прыйшоў. Завод там быў з ваеннапалоннымі. 

З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

— Як магілёўцы ўзгадваюць тыя падзеі?

— Людзі чакалі паводкі, ледзь не кожны момант азіраліся, ці не ідзе вада. Але чамусьці сцераглі толькі ўначы. Настрой быў адначасова апакаліптычны і панічны. Думалі, што немцы спецыяльна ўзарвуць насып уначы, каб пазнішчаць людзей і каб сцерці сляды ліквідацыі гета. Дамы ў даліне Дубравенкі, якія затапіла, да вайны належалі габрэям. Потым іх сагналі ў гета, а дамы прадалі. Новых гаспадароў прымусілі застрахаваць маёмасць. Дакументы пра выплаты страховак пацярпелым ад паводкі — каштоўная крыніца па яе гісторыі.

Мы ведаем, што нямецкія ўлады абвяшчалі і праз радыё, і ў газетах, што трэба перасяліцца з поймы Дубравенкі, бо існуе рызыка паводкі. Аднак ніхто не перасяляўся. Можа быць, не прынялі гэтыя заклікі сур’ёзна, ці лічылі, што паспеюць уратавацца. І вось удзень 10 красавіка 1942 года адбылася гэтая катастрофа: грукат, трэск, паляцеў насып, вада знесла каля 115 дамоў. Яшчэ шмат дамоў затапіла. Возера было са льдом, да таго ж крыгі былі да метра таўшчынёй, такія кубы лёду. Яны разбівалі дамы, раструшчылі лазню. Мясцовы жыхар распавядаў, што пабачыў балкон з чыгуначных рэек на адным з дамоў, і гэты балкон, як ён казаў, «быў пакручаны як жыдоўскія пейсы» — такімі моцнымі былі ўдары гэтых крыг, што зміналі нават жалезныя канструкцыі. Літаральна праз дваццаць хвілін вада прайшла.

Дубравенка каля вуліцы Пляханава. 10 красавіка 1942 года. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Адна жанчына занатавала свае ўспаміны. Яна ўзгадвае, што была маленькай дзяўчынкай, прыбегла дахаты сказаць маці, што ідзе вада. Яны літаральна выйшлі з дому, зрабілі некалькі крокаў на гару — і іх жытло знесла вадой. 

Вялікая частка людзей, якія цяпер жывуць уздоўж Дубравенкі — нашчадкі пацярпелых ад паводкі. Калі я вадзіў там экскурсіі, жыхары далучаліся і расказвалі свае сямейныя гісторыі.

Лазня, знесеная патопам. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Дубравенка перад упадзеннем у Дняпро. Пасля патопу. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Дубравенка ўпадае ў Дняпро. Пасля патопу. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

— Раскажыце, калі ласка, уласна пра друк кніжкі.

— У кнізе будуць здымкі, спіс сем’яў, што пацярпелі ад паводкі, успаміны відавочцаў. Выданне стала магчымым дзякуючы цудоўным беларускім культурніцкім ініцыятывам, якія сваёй руплівай дзейнасцю паказваюць, што мастацтва — гэта моц. Выдавец Андрэй Янушкевіч спадзяецца, што кніга выйдзе да канца лістапада. Плануем зрабіць яе па даволі дэмакратычным, дасяжным кошце.

— Якая мэтавая аўдыторыя выдання?

— У першую чаргу, нашчадкі тых, хто пацярпеў ад паводкі. Потым — аматары гісторыі Магілёва. Да таго ж гэта проста вельмі значная гістарычная падзея, пра якую варта ведаць: самая буйная па маштабах наступстваў, ахвяраў, тэхнагенная катастрофа, што здарылася на тэрыторыі Беларусі (Чарнобыльская атамная станцыя знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, хоць наступствы і адбіліся на нашай Радзіме). І зараз адбываюцца катастрофы, механіка якіх падобная, напрыклад, сёлетнія вясновыя паводкі ў Польшчы і Расіі.

Чытайце таксама:

«Ніякага апавяшчэння не было». Беларусы расказалі, як перажылі найбуйнейшую за паўстагоддзя паводку ў Іспаніі

Моцныя дажджы выклікалі патоп у пустыні Сахара

«Людзі рынуліся ў крамы па ваду, у выніку быў часовы яе дэфіцыт». Беларусы расказваюць пра тое, як польскія ўлады змагаюцца з паводкай

«Няма ніякай надзеі, што дождж спыніцца». Цэнтральная Еўропа пайшла пад ваду

Каментары да артыкула