БЕЛ Ł РУС

Эканоміка

«Трэба купляць латарэйны білет». Стваральнік кампаніі Flo падзяліўся сакрэтам поспеху

5.12.2024 / 18:5

Міхась Чэсны

«У нашу ідэю ніхто не верыў. Нават наняць супрацоўнікаў было вельмі складана», — гаворыць Дзмітрый Гурскі. Сёння бізнэс ацэньваецца ў $1 млрд, а яго мабільным дадаткам актыўна карыстаецца 68 млн чалавек. 

Дзмітрый Гурскі падчас інтэрв’ю. Скрын відэа: Slush / YouTube

Дзмітрый Гурскі нарадзіўся ў Беларусі. У дзяцінстве з бацькамі садзіў бульбу. Цяпер ягоны бізнэс ацэньваецца ў $1 млрд. 

Першую вышэйшую адукацыю Гурскі атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 2005 годзе і стаў бакалаўрам фармацэўтыкі і распрацоўкі лекаў. 

Праз восем гадоў ён адвучыўся на МВА ў польскім Універсітэце Казьмінскага. У 2019-м стаў удзельнікам Stanford Executive Program — адной з найпрэстыжнейшых праграм павышэння кваліфікацыі для бізнэс-кіраўнікоў.

Пра свой шлях да поспеху і жыццёвую філасофію Дзмітрый расказаў у інтэрв’ю ютуб-каналу Slush.

Як нарадзілася ідэя Flo?

У 2015 годзе Дзмітрый стаў сузаснавальнікам Flo Health, мабільнага дадатку для жаночага здароўя, які ў выніку стаў лідарам femtech-індустрыі (галіны тэхналогій, арыентаваных на жаночае здароўе). 

Нягледзячы на тагачасны скептыцызм вакол femtech, Дзмітрый кіраваўся місіяй вырашаць праблемы жаночага здароўя з дапамогай тэхналогій. Ён вырашыў стварыць комплексную платформу, якая выйшла б за рамкі базавага адсочвання менструацыі і прапанавала ўсебаковую інфармацыю пра здароўе.

«Ідэя была ў тым, каб выкарыстоўваць маніторынг [менструальнага] цыклу для ўтрымання і ўзаемадзеяння, а таксама дадаць больш дасканалыя функцыі — сімптом-чэкеры, чат-боты, рэжымы цяжарнасці і спробаў зачацця. Гэта дазволіла стварыць вялікую платформу, супердадатак на аснове трэкера цыклу», — кажа бізнэсмен.

Ад соцень адмоў да мільярднага поспеху

Напачатку быў скепсіс. Асабліва цяжка было пераканаць праграмістаў. «Усходнееўрапейскія інжынеры вядомыя сваёй прамалінейнасцю. Пераканаць іх было вельмі складана», — узгадвае Дзмітрый. 

Адсутнасць прэцэдэнтаў у femtech-індустрыі таксама ўскладняла пошук інвестараў.

«Мы сустрэліся з сотнямі інвестараў і атрымалі сотні адмоў. Вам проста трэба быць вельмі настойлівым, каб дасягнуць пастаўленай мэты», — кажа ён.

Упартасць апраўдала сябе. Flo Health стаў першым еўрапейскім «фемтэхналагічным аднарогам». Кампанію ацэньваюць больш чым у 1 мільярд долараў, а дадатак мае каля 70 мільёнаў актыўных карыстальнікаў штомесяц.

Гэты поспех стаў арыенцірам для будучых стартапаў у сферы femtech і натхніў многія смелыя ідэі.

«Я лічу, што роля такіх кампаній, як Flo, не толькі ў стварэнні прадуктаў, але і ў змене наратываў», — дадае Дзмітрый.

Бізнэс-філасофія і парады пачаткоўцам

Для Дзмітрыя няўдачы — неад’емная частка прадпрымальніцкага шляху. Кожны правал дае ўрокі і загартоўвае.

«Мы двойчы пацярпелі няўдачу, але навучыліся на гэтых памылках. І трэці раз аказаўся паспяховым», — адзначае ён.

Яшчэ адзін важны аспект, на які звяртае ўвагу Дзмітрый: па меры росту бізнэсу ўзрастае яго складанасць. Лёгка страціць тое, што ён называе «фокус» — засяроджанасць на галоўнай мэце і стратэгіі.

«Я не чакаў, што галоўнай праблемай буйной арганізацыі будзе фокус. Засяродзіць такую структуру на пэўнай мэце сапраўды складана».

Важную ролю ў бізнэс-філасофіі Дзмітрыя адыгрывае місія. Кампаніі павінны імкнуцца зразумець патрэбы сваіх карыстальнікаў і знаходзіць рашэнні, якія паляпшаюць іх жыццё. Гэта дапамагае будаваць трывалае ўзаемадзеянне паміж кампаніяй і кліентамі.

Сваю ролю CEO Дзмітрый апісвае як частку вялікай сістэмы.

«Мне не падабаецца ідэя, што трэба хваліць CEO. Гэта проста праца і гэта проста функцыя. Было б няправільна сказаць, што Flo — гэта я».

Абапіраючыся на свой досвед, Дзмітрый раіць бізнэс-пачаткоўцам:

«Трэба купляць латарэйны білет. Часта людзі толькі мараць пра нешта, але ніколі не робяць першы крок».

Гаворка ідзе, канечне ж, пра латарэю ў пераносным сэнсе. У бізнэсе дзеянне больш каштоўнае, чым ваганні.

«Адзіны супольны назоўнік людзей, якія дасягнулі поспеху, — усе яны спрабавалі. Вы таксама павінны паспрабаваць, можа, некалькі разоў, пяць ці нават сем. Але ўрэшце поспех прыйдзе», — падкрэслівае Дзмітрый. 

Чытайце таксама:

Беларуская кампанія Flo стала аднарогам

Рэктар БДУІРа назваў распрацоўку беларускага IT, якой найбольш ганарыцца. Гэта кампанія сышла з краіны два гады таму

Колькі падаткаў заплацілі ў бюджэт Літвы фірмы з беларускімі каранямі

Каментары да артыкула