Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы
10.12.2024 / 16:58
Сухейля Хамаві сустрэлі ў родным горадзе як героя.
Сухейль Хамаві з жонкай. Скрыншот відэа
Ліванец Сухейль Хамаві вызваліўся пасля 33 гадоў, праведзеных у турмах рэжыму Асада ў Сірыі.
61-гадовы Хамаві вярнуўся ў родны горад Шыка, дзе яго сустрэлі, як героя, піша France24 са спасылкай на AFP.
Падчас грамадзянскай вайны ў Ліване 1975—1990 гадоў Сірыя фактычна кантралявала большую частку краіны. За гэты час тысячы ліванцаў, якія выступалі супраць акупацыі і рэжыму Хафеза Асада, былі арыштаваныя або прапалі без вестак. Сірыя вывела свае войскі з Лівана толькі ў 2005 годзе.
Як расказвае жонка Сухейля Жазэфін, ён быў фактычна выкрадзены з уласнага дома сірыйскімі вайскоўцамі.
«Трыццаць тры гады таму яны прыйшлі да нас у дом, сказалі, што хочуць пагаварыць з маім мужам. Пасля гэтага ён знік на 11 гадоў», — успамінае Жазэфін.
Толькі праз дзесяцігоддзе жанчыне ўдалося высветліць, у якой турме знаходзіцца яе муж. Пасля гэтага яна наведвала яго ў зняволенні і спадзявалася, што аднойчы яго адпусцяць.
Сам Хамаві расказаў, што на працягу 33 гадоў яго пераводзілі з адной турмы ў іншую. Сваё абвінавачванне ён даведаўся толькі праз 20 гадоў зняволення: сірыйскія сілавікі заявілі, што ён быў сябрам кааліцыі хрысціянскіх арганізацый «Ліванскія сілы».
Некаторы час Хамаві правёў і ў самай сумнавядомай турме Сейдная. Там ён пісаў вершы, якія прысвячаў жонцы і сыну.
На волі Хамаві сустрэлі не толькі жонка, сын і брат-блізнюк, але і ўнукі.
«Я не адчуваў свайго ўзросту, пакуль дачка майго сына не назвала мяне дзядулем. Менавіта тады я ўсвядоміў, што страціў так шмат часу», — расказаў былы вязень.
Тысячы зняволеных былі вызваленыя з сірыйскіх турмаў пасля звяржэння рэжыму Башара Асада. Хамаві стаў сярод іх першым ліванцам, які вярнуўся дадому.