Ва Украіне выкрылі групу, якая зарабляла на дамоўных гульнях. Адзін з фігурантаў — футбаліст Арцём Мілеўскі
11.12.2024 / 18:36
У афіцыйным паведамленні сцвярджаецца, што кіберпаліцэйскія і следчыя Нацпаліцыі выкрылі некалькі злачынных груп, фігуранты якіх арганізоўвалі дагаворныя матчы па кіберфутболе, кібербаскетболе, настольным тэнісе, футболе, баскетболе для атрымання выгады праз букмекерскія канторы.
Пры гэтым
«для пашырэння свайго ўплыву сярод кіберспартсменаў, прыцягнення большай колькасці анлайн-заўзятараў і грашовых ставак арганізатары заручаліся падтрымкай вядомых асоб, якія мелі дасягненні ў рэальным спорце».
Некаторыя з удзельнікаў групы, як сцвярджаецца — былыя спартсмены сусветнага ўзроўню, якія выкарыстоўвалі набытыя за гады прафесійнай дзейнасці сувязі для арганізацыі «дамоўных» матчаў паміж кіберспартсменамі з Аўстраліі, Еўропы і Украіны.
Ва ўкраінскіх СМІ пішуць, што адным з вядомых спартсменаў, якія могуць быць датычныя да гэтай справы, з'яўляецца вядомы футбаліст беларускага паходжання Арцём Мілеўскі, які ў свой час гуляў за зборную Украіны.
Яшчэ ў верасні ва ўкраінскіх СМІ з'яўлялася інфармацыя, што работнікі Нацпаліцыі праводзілі ператрусы ў доме, у якім жыў Арцём Мілеўскі, а таксама ягоны сябар Сяргей Траццяк.
Украінскія СМІ сцвярджаюць, што на гэтым фота — Арцём Мілеўскі падчас правядзення ў яго ператрусу ў верасні
За анлайн-трансляцыямі «заказных» матчаў у інтэрнэце маглі назіраць дзясяткі тысяч чалавек адначасова. Ведаючы будучы зыход гульні, зламыснікі асабіста або праз давераных асоб рабілі стаўкі на рэсурсах букмекерскіх кантор, зарэгістраваных у краінах Азіі, Еўропы, Аўстраліі і Амерыкі.
Паліцэйскія высветлілі, што фігуранты шляхам подкупу, прымусу, запалохвання і падбухторвання прымушалі гульцоў свядома прайграваць свае анлайн-матчы. У некаторых выпадках для гэтага прыцягваліся раней судзімыя асобы спартыўнага целаскладу, якія ў тым ліку выкарыстоўвалі і зброю.
Цяпер устаноўлена каля 10 гульцоў, якія пацярпелі наступным чынам. Часам прапаноўвалі і грашовую ўзнагароду за «зліў» матчаў.
Па папярэдніх падліках, прыбытак ад такой дзейнасці мог складаць мільёны ўкраінскіх грыўняў. Гэтыя сродкі легалізоўваліся шляхам набыцця і перапродажу элітных аўтамабіляў, нерухомасці і іншых актываў праз крыптакашалькі.
Паведамляецца, што праваахоўнікі правялі 45 адначасовых ператрусаў па ўсёй Украіне ў аўтамабілях, па адрасах рэгістрацыі і пражывання фігурантаў і іх магчымых саўдзельнікаў. Канфіскаваныя рэчавыя доказы злачыннай дзейнасці, а таксама зафіксаваныя лічбавыя доказы.
Па тых артыкулах, якія інкрымінуюцца падазраваным, максімальнае пакаранне прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.