БЕЛ Ł РУС

Свет

Сірыйскія друзы просяцца ў Ізраіль

14.12.2024 / 19:18

Nashaniva.com

Шэсць вёсак на Галанскіх вышынях хочуць у Ізраіль. Пра гэта пішуць ізраільскія СМІ, спасылаючыся на відэа сходу жыхароў. Арабскія карыстальнікі сацсетак абураныя дзеяннямі сірыйскіх друзаў, паведамляе Euronews.

Ізраільскі сцяг лунае каля так званай лініі Альфа, якая аддзяляе анэксаваныя Галанскія вышыні ад Сірыі, 13 снежня 2024 года. Фота: Matias Delacroix / AP

Жыхары шасці вёсак на поўдні Сірыі, у якіх жыве друзская меншасць, папрасілі Ізраіль далучыць да сябе іх тэрыторыю і распаўсюдзіць суверэнітэт на іх населеныя пункты. Відэа сходу ў вёсцы Хадэр, размешчанай на сірыйскім баку Галанскіх вышынь, напярэдадні апублікавала выданне Jewish Press.

Паведамляецца, што друзы асцерагаюцца пераследу з боку ісламістаў, якія прыйшлі да ўлады ў Сірыі пасля падзення рэжыму Башара Асада. На відэа адзін з выступоўцаў перад натоўпам з некалькіх дзясяткаў чалавек гаворыць:

«Ад імя ўсіх жыхароў Хадэра, і калі хтосьці пярэчыць, калі ласка, скажыце… Калі нам давядзецца выбіраць, мы выберам меншае зло — быць далучанымі да (ізраільскіх) Галанаў! … Лёс Хадэра — гэта лёс навакольных вёсак, мы хочам папрасіць далучыць нас да нашых суродзічаў на Галанах, каб быць свабоднымі ад несправядлівасці і прыгнёту».

Прысутныя на сходзе адказалі на гэта крыкамі: «Мы згодныя, мы згодныя!»

У 1967 годзе Ізраіль заняў частку Галанскіх вышынь падчас Шасцідзённай вайны і анексаваў іх у наступныя гады, у выніку чаго чатыры сірыйскія друзскія паселішчы сталі часткай яўрэйскай дзяржавы. Цяпер там жывуць каля 24 тысяч чалавек.

Друзская грамада Ізраіля, якая збольшага жыве ў рэгіёне Галілея, у сукупнасці перавышае 250 тысяч чалавек. Яе прадстаўнікі добра інтэграваныя ў ізраільскае грамадства і служаць у ЦАХАЛ.

Напярэдадні прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху сустрэўся з духоўным лідарам друзскай абшчыны у Ізраілі Мавафекам Тарыфам. Яны абмеркавалі падтрыманне стабільнасці і бяспекі ў месцах пражывання друзаў на поўдні Сірыі.

Пра хваляванні і пачуццё няпэўнасці сярод друзаў, якія апынуліся ўжо другі раз за паўстагоддзя ў эпіцэнтры супрацьстаяння паміж Ізраілем, Ліванам і Сірыяй, пісалі і еўрапейскія СМІ. Бо многія друзскія сем'і ўжо тады, у 1973-м, былі падзеленыя мяжой.

Сярод карыстальнікаў сацсетак з Палестынскай аўтаноміі і шэрагу арабскіх краін расце абурэнне такімі дзеяннямі друзаў, хоць гэтая навіна пакуль і не была пацверджаная афіцыйна.

Чытайце таксама:

Расія пачала вывад войскаў з Сірыі

У сірыйскай Латакіі спалілі труну з целам бацькі Башара Асада

Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі

Выйшаў на волю ліванец-хрысціянін, які правёў у турмах Асада 33 гады. Яго выкралі сірыйскія вайскоўцы

У сірыйскай турме знайшлі труп закатаванага актывіста, які прапаў 4 гады таму. Ён паверыў рэжыму і вярнуўся з Берліна

Каментары да артыкула