Нашто Еўрасаюзу знішчаць Беларусь і калі Лукашэнку стане выгадна змяніцца. Мікола Бугай адказвае Пазняку
19.01.2025 / 20:33
Каб адрозніць праўду ад памылкі, піша Мікола Бугай, часам дастаткова прагнаць сцвярджэнне праз самае простае праверачнае пытанне: для чаго? Што гэта дасць?
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, 26 снежня 2024 года. Photo by Contributor Getty Images
«Еўрасаюз, асабліва Нямеччына, праводзяць паслядоўную палітыку па знішчэнні Беларусі. Шляхам эканамічных санкцый, адмаўлення ўсялякіх кантактаў з дыктатарам», — сказаў Зянон Пазняк.
А нашто Еўрасаюзу — і «асабліва Нямеччыне»— знішчаць Беларусь? Знішчыць — каб што?
Што выйграў бы 450-мільённы Еўрасаюз ад знікнення 9-мільённай Беларусі? Што выйгралі б ад «знішчэння Беларусі» Польшча і Літва, якія сёння маюць вырашальны голас у ЕС па беларускім пытанні? Для чаго Еўрасаюзу і яго краінам, якія вытрацілі 145 мільярдаў даляраў на ратаванне Украіны, адначасова знішчаць Беларусь, якая ёсць паўночным флангам той самай Украіны, якая ёсць такой самай краінай паміж імперыялістычнай Расіяй і ЕС?
Прымусіла мяне задумацца і яшчэ адно прачытанае на выхадных меркаванне.
«Пры Лукашэнку я не бачу шанцаў на прымірэнне, на поўнае пераварочванне, на змену парадку дня і гэтак далей, — сказаў Арцём Шрайбман.
— Я думаю, Лукашэнка зрабіў высновы з 2020 года. І таму я не падзяляю аптымізму многіх людзей, якія думаюць, што можна яго нейкімі закалыхваннямі, дыялогамі, перамовамі ўцягнуць назад ва ўмоўны 2019-ты».
Не пагаджаюся з гэтай думкай.
Лукашэнка розным ужо бываў і розным яшчэ можа стаць — калі здароўе не падвядзе.
Прычына сітуацыі — у Маскве. Лукашэнка — толькі функцыя. І ўсё тое, што робіцца ў Беларусі, робіцца таму, што Лукашэнка акурат чалавек з жалезным разуменнем логікі.
Ён разумее, што ён, па ўласнай дурасці, але ў пятлі, і Масква без вагання зробіць з ім тое самае, што з Прыгожыным зрабіла, як толькі ў Крамлі пастановяць, што ён недастаткова русіфікуе беларусаў ці празмерна збліжаецца, гандлюе, кантактуе з Еўропай.
Помню паказальную сітуацыю, калі на піку таго, што некаторыя лічаць «лібералізацыяй», Анджэй Дуда быў гатовы прыехаць на Еўрапейскія гульні ў Мінск. Вось быў бы баланс: Пуцін праваруч, Дуда леваруч. Мінск адмовіўся, не захацеў. Таму што ён не хацеў балансу нават тады.
Калі памянялася б сітуацыя ў Маскве (ці іх разуменне сваіх інтарэсаў, ці прынамсі іх манера паводзін), то Лукашэнку магло б стаць выгадна змяніцца. Пакуль жа Масква такая, якая ёсць, Лукашэнку змяняцца нявыгадна.
Прыкра, дэматывуюча, нават паралізуюча ўсведамляць, наколькі мала цяпер ад нас, беларусаў, залежыць, наколькі мы сталі закладнікамі геапалітыкі і памылак Лукашэнкі. Але гэта рэальнасць, з якой трэба жыць. Каб не перажываць пасля фрустрацыі за фрустрацыяй.
Так, скажаце вы, не ў Крамлі рашаюць, што дзяўчат на Акрэсціна трымаць на голым бетоне без матрацаў. Але і не ў Брусэлі. То лукашэнкаўцы «так гэта бачаць», гэтак яны інтэрпрэтуюць сігналы, якія атрымліваюць з Масквы — гэткая ўжо іх мараль, гэткія яны людзі.
Пуцінская Масква — там корань беларускіх праблем.
Пазняк у сваім засляпленні нават не задумваецца, што вяшчае свае рэвеляцыі на радыё, якое фінансуецца з бюджэту краіны Еўрасаюза, які, у сваю чаргу, напаўняецца ў тым ліку і з датацый ЕС. Еўрасаюз тым часам адрывае ад сваіх людзей, ад сваіх патрэб — а людзям у Еўропе таксама хочацца і новых бальніц, і меншых падаткаў — для Украіны, бо ЕС то акурат, большасць краін ЕС, разумеюць, што корань — у Маскве.
Пазняк напэўна думае, што вядзе складаную гульню «во спасеніе», але ў рэальнасці для рэжыму ён несвядома стаў зручным памагатым. Прычым танна каштавала гэта «Лубянцы» (ягонае слова). Такі бясслаўны дрэйф такога славалюбнага чалавека.