Трамп аб'явіў аб выхадзе ЗША са складу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя
21.01.2025 / 9:15
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падпісаў указ аб выхадзе ЗША з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). На думку экспертаў, гэтае рашэнне можа негатыўна паўплываць на глабальную сістэму аховы здароўя і ўскладніць барацьбу з будучымі пандэміямі.
Фота: Harold Cunningham / Getty Images
Трамп растлумачыў сваё рашэнне няправільнымі рэкамендацыямі СААЗ у часе пандэміі COVID-19, няздольнасцю арганізацыі да рэформ і «несправядліва высокія фінансавыя ўзносы ЗША».
«Сусветная арганізацыя аховы здароўя абкрадала нас, усе абкрадаюць Злучаныя Штаты. Гэтага больш не будзе», — заявіў Трамп.
Трамп крытыкуе СААЗ яшчэ з 2020 года, абвінавачваючы арганізацыю ў садзейнічанні намаганням Кітая «ўвесці свет у зман» адносна паходжання COVID.
Рашэнне Трампа азначае, што праз 12 месяцаў ЗША выйдуць з агенцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у сферы аховы здароўя і спыняць фінансавую падтрымку яго працы.
Злучаныя Штаты на сёння з'яўляюцца найбуйнейшым фінансавым донарам СААЗ, на які прыпадае каля 18% яе агульнага фінансавання. Апошні двухгадовы бюджэт СААЗ на 2024—2025 гады склаў $6,8 млрд.