Новы сусветны рэкорд: 59-гадовы немец пражыў у падводнай ізаляцыі 120 дзён
26.01.2025 / 8:0
Вось у якіх умовах ён жыў і як каментуе свой досвед.
59-гадовы аэракасмічны інжынер Рудыгер Кох вылазіць з вады праз 120 дзён ізаляцыі і атрымлівае пасведчанне пра новы сусветны рэкорд. Фоты: X / Channel 8 English
Нямецкі аэракасмічны інжынер Рудыгер Кох з Германіі паставіў новы сусветны рэкорд па самым доўгім знаходжанні ў памяшканні пад вадой, піша выданне The Guardian.
59-гадовы мужчына 120 дзён пражыў у спецыяльнай падводнай капсуле каля ўзбярэжжа Пуэрта-Лінда ў Панаме. У ягоным спецыяльным памяшканні плошчай 30 квадратных метраў быў туалет, тэлевізар, камп'ютар і велатрэнажор. Электрычнасць забяспечвалі сонечныя панэлі на сушы. Таксама ў Коха быў доступ у інтэрнэт, за ягонай актыўнасцю сачылі чатыры камеры, а ежу і лекі дастаўлялі калегі.
Сам падводны модуль функцыянаваў як штучны рыф і не шкодзіў мясцовай фаўне.
Рудыгер Кох падчас знаходжання ў падводным модулі
24 студзеня, пасля сканчэння эксперыменту, Рудыгер Кох выйшаў на паверхню і засведчыў свае дасягненне ў прысутнасці суддзі Кнігі рэкордаў Гінэса.
«Гэта была вялікая прыгода, і цяпер, калі яна скончылася, у мяне ўзнікае пачуццё шкадавання. Мне вельмі спадабалася маё знаходжанне тут. Гэты досвед немагчыма апісаць, вы павінны выпрабаваць гэта самі», — заявіў Кох пасля вяртання на паверхню.
Яшчэ падчас эксперыменту мужчына прызнаваўся, што моцна сумаваў па зносінах з блізкімі, але ў той жа час адчуваў сябе камфортна ў цішыні.
Перад Кохам даўжэй за ўсіх у падводнай ізаляцыі пражыў амерыканец Джозэф Дзіцюры, які правёў 100 дзён у падводным доміку ў Фларыдзе.