Хлопец замест арміі паехаў на ровары ў Літву. Праз год яго затрымалі расійскія памежнікі
26.01.2025 / 18:20
Судзілі маладога чалавека паказальна, у прысутнасці моладзі.
Жыхар Гродзенскай вобласці 1999 года нараджэння прайшоў медкамісію ў ваенкамаце і пад роспіс атрымаў позву прыйсці на зборны пункт. Хлопец быў прыдатны да тэрміновай службы і павінен быў паехаць у часць.
Але замест арміі хлопец вырашыў пакінуць краіну. Ён сеў на ровар і паехаў у Літву. Супрацоўнікі ваенкамата званілі яму шмат разоў, але ён быў недаступны. Аб тым, што хлопец з'ехаў з Беларусі, ваенкамату паведаміў яго зводны брат.
Маладому чалавеку праз месенджар паведамілі, што на яго пачалі крымінальную справу. Але ён адказаў, што не мае магчымасці вярнуцца ў краіну.
Праз год хлопца затрымалі расійскія пагранічнікі ў пункце пропуску ў Калінінградскай вобласці. Яго перадалі беларускім сілавікам, паведамляе міліцыя Гродна.
Хлопец расказаў, што з'ехаў у Літву, каб даглядаць за бацькам, у якога былі сардэчна-сасудзістыя захворванні. Пры гэтым пацвярджаючых дакументаў ён не паказаў.
Маладога чалавека судзілі за ўхіленне ад прызыву. Прычым працэс прайшоў паказальна, на яго прывялі хлопцаў прызыўнога ўзросту. Суд прызначыў хлопцу паўтара года «хіміі» з накіраваннем.