У Сумах шахед ударыў па шматпавярховіку: чатыры чалавекі загінулі, дзевяць параненых
30.01.2025 / 9:35
У ноч на 30 студзеня расійскія вайсковыя сілы атакавалі Сумы дронамі-камікадзэ. Адзін з шахедаў трапіў у шматпавярховы жылы дом.
Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях удакладніла, што беспілотнік урэзаўся ў дзесяціпавярховы дом. У выніку атакі разбураныя дзевяць кватэр і 12 балконаў.
Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў целы чатырох загінулых. Як мінімум дзевяць мірных жыхароў атрымалі раненні. Пошукавыя працы працягваюцца.
Сярод параненых сямігадовае дзіця і 18-гадовы хлопец, які знаходзіцца ў цяжкім стане. Усе пацярпелыя шпіталізаваны.
Паводле кіраўніка мясцовай адміністрацыі Уладзіміра Арцюха, удар па шматпавярхоўцы адбыўся каля 00:18. З будынка эвакуявалі 118 чалавек.