Беларус паўгода «інвеставаў» грошы махлярам і страціў 120 тысяч рублёў
1.02.2025 / 0:5
Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта па горадзе Мінску расказаў пра тое, як занадта даверлівы беларус, хочучы стварыць сабе фінансавую «падушку бяспекі» праз інвестыцыі ў бізнэс, пра які ведаў толькі з чужых слоў, не толькі страціў тое, што меў, але і залез у пазыкі.
У сакавіку мінулага года 65-гадовы мінчук, праглядаючы навіны на сайце, звярнуў увагу на рэкламу аб павелічэнні капіталу. Перайшоўшы па спасылцы, ён даведаўся пра магчымасць зрабіць інвестыцыі, і гэтая прапанова падалася яму выгаднай.
Неўзабаве з мужчынам звязаліся нібыта прадстаўнікі аўтарытэтнай біржы і правялі з ім бліц-апытанне: месца працы, узровень даходу, чаканні ад супрацоўніцтва. Калі беларус выказаў гатоўнасць да сур’ёзных укладанняў у нібыта выгадную справу, аператар перанакіраваў яго да «дасведчаных менеджараў».
Пасля гэтага па намове тых «менеджараў» на працягу паўгода мужчына раз за разам пералічваў свае ашчаджэнні і заробак на рахункі псеўдаінвестараў.
Сумы былі немаленькія, але да пары чалавека не насцярожвала нават тое, што пераводы рабіліся за мяжу «для асабістых патрэб». Менеджары пастаянна пераконвалі беларуса, што ягоны прыбытак расце.
Урэшце мужчына так увайшоў у азарт, што аформіў крэдытную лінію і працягваў укладаць грошы. Аднак калі ўлетку паспрабаваў вывесці частку сродкаў, то высветлілася, што калі перавесці грошы за мяжу проста, то вярнуць іх — ужо праблема. Праўда, «інвестару» прапанавалі перадаць грошы наяўнымі праз кур'ера, але калі ён на гэта пагадзіўся, сувязь з прадстаўнікамі біржы знікла.
У выніку махляры выцягнулі з мужчыны больш за 120 тысяч рублёў. Цяпер адносна гэтага завялі крымінальную справу па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (махлярства ў асабліва буйным памеры).
Чытайце таксама:
Дырэктарка мінскай турфірмы прадала неіснуючыя туры на 170 тысяч рублёў. Яе затрымалі праз тры гады
Хлопец паскардзіўся ў міліцыю на махляроў. Высветлілася, што ён выманьваў грошы сам у сябе
Беларусбанк увёў сістэму праверкі рэквізітаў праз махляроў
Махляры ад імя мытні «прадаюць» праз Instagram канфіскат
«Ну і сядзі, рохкай далей». Невядомы засмуціўся, калі не здолеў падмануць беларуса ў інтэрнэце