БЕЛ Ł РУС

Свет

Загадкавае адначасовае аблысенне ва ўсім індыйскім раёне. Прычыну дагэтуль шукаюць

1.02.2025 / 10:42

Nashaniva.com

Жыхары 12 вёсак у раёне Булдхана ў індыйскім штаце Махараштра сутыкнуліся з масавым выпадзеннем валасоў.

З пачатку студзеня 2025 года больш за 200 чалавек, у тым ліку дзеці ад чатырох гадоў, сутыкнуліся з раптоўным і хуткім выпадзеннем валасоў, піша Бі-бі-сі.

Некаторыя людзі поўнасцю аблыселі, што выклікала паніку і занепакоенасць у мясцовых жыхароў і падштурхнула медыкаў да пошукаў прычыны гэтага феномену.

Ананд, жыхар вёскі Пахурджыра, адзін з пацярпелых. Яго валасы пачалі выпадаць 31 снежня 2024 года. Ён пайшоў у цырульню і пагаліў галаву, але пасля адрастання валасоў выпадзенне аднавілася.

Паводле паведамленняў, хвароба пачынаецца са свербу скуры галавы, пасля чаго хутка наступае значная страта валасоў. У некаторых выпадках валасы адрастаюць, але прычына іх выпадзення застаецца невядомай.

Міністэрства альтэрнатыўнай медыцыны Індыі забяспечвае пацыентаў гамеапатычнымі лекамі ў залежнасці ад іх сімптомаў.

Эксперты рады медыцынскіх даследаванняў (ICMR) разам з урадавымі экспертамі пачалі расследаванне магчымага фактару, які выклікае выпадзенне валасоў.

Навукоўцы ICMR наведалі пацярпелыя вёскі, дзе зрабілі біяхімічны аналіз: узораў валасоў, пазногцяў, крыві, мачы пацыентаў, пітной вады з мясцовых крыніц.

Збор узораў праводзіўся ў Дзяржаўным медыцынскім каледжы Аколы, дзе эксперты вывучалі магчымыя прычыны гэтай з’явы.

Дэкан каледжа, доктар Мінакшы Гаджбхіе, паведаміла BBC News Marathi: «Біяпсія і аналізы крыві дакладна паказалі, што гэта не было выклікана грыбковай інфекцыяй. Гэта таксама не можа быць аднесена да якой-небудзь пэўнай хваробы. Даследаванні працягваюцца, каб выявіць дакладную прычыну гэтага феномену. Мы таксама аналізуем розныя прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым рэгіёне, а таксама крыніцы вады».

Чыноўнік аховы здароўя раёна Булдхана, доктар Амол Гітэ, таксама пацвердзіў, што грыбковая інфекцыя — малаверагодная прычына, бо звычайна так хутка валасы пры ёй не выпадаюць.

Сацыяльныя наступствы: дыскрымінацыя і ізаляцыя

Масавае аблысенне прывяло да сацыяльнай ізаляцыі пацярпелых. Маладыя хлопцы і дзяўчаты баяцца гаварыць пра гэта, а людзей, у якіх выпалі валасы, абмяжоўваюць ва ўдзеле ў грамадскіх мерапрыемствах. Некаторых студэнтаў дражняць у школах і каледжах.

55-гадовая Парваці (імя змененае) расказала: «У майго сына зніклі валасы, і адразу спыніліся размовы пра ягоны шлюб. Цяпер ён саромеецца паказвацца ў вёсцы».

60-гадовая Каверы Дхалакар раней мела валасы да пояса, але цяпер на яе галаве з’явіліся вялікія залысіны.

«Спачатку выпадала пакрыху, але калі я расчасалася, выпала вельмі шмат валасоў. Калі памыла галаву — усё астатняе проста высыпалася. Мне вельмі шкада страціць столькі валасоў», — скардзіцца яна.

Меркаванне экспертаў

Доктар Сомеш Гупта, эксперт-дэрматолаг з Інстытута медыцынскіх навук Дэлі (AIIMS), які наведаў пацярпелы раён, супакойвае людзей: «У тых, у каго валасы выпалі, яны пачалі адрастаць. Я не думаю, што праблема будзе доўжыцца доўга. Новыя валасы выглядаюць здаровымі».

Ён таксама дадаў: «Здаецца, гэта не вірусная інфекцыя і не вельмі заразная з’ява».

Доктарка Шыла Гадбол, экспертка Нацыянальнага навукова-даследчага інстытута па пытаннях СНІДу (ICMR), раіць: быць асцярожнымі з шампунямі, карыстацца асобнымі расчоскамі, не панікаваць.

Ці магло гэта быць звязана з экалогіяй?

Раней былі выпадкі, калі людзі страчвалі валасы з-за высокага стрэсу — напрыклад, падчас пандэміі COVID-19. Але лакалізаваны масавы выпадак, як у Булдхане, нікалі раней не быў зафіксаваны.

Звычайна асноўнай прычынай такіх з’яў з’яўляецца экалагічнае забруджванне. Таму чыноўнікі правялі тэставанне пітной вады і іншых экалагічных фактараў: аналіз глебавых вод у пацярпелых вёсках, дэзінфекцыя вады праз хлараванне мясцовых крыніц, каб зрабіць яе бяспечнай для спажывання.

Расследаванне працягваецца, і ўлады спадзяюцца хутка выявіць дакладную прычыну масавага выпадзення валасоў у жыхароў Булдханы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула