«Камунарка» аб'явіла пра пачатак выпуску дубайскага шакаладу
1.02.2025 / 18:54
Мінская фабрыка «Камунарка» ўжо вясной 2025 года плануе выпусціць і прапанаваць спажыўцам шакаладныя цукеркі па дубайскай рэцэптуры. Так званы дубайскі шакалад стаў трэндам ў канцы 2024 года, а ягоны незвычайны смак дасягаецца дзякуючы начыння з сумесі катаіфа, то-бок тонкай турэцкай локшыны, і фісташак.
Фота ілюстрацыйнае
Як расказала намесніца галоўнага тэхнолага «Камунаркі» Ірына Адарчанка, на фабрыцы гатаваць дубайскі шакалад будуць уручную з пяці інгрэдыентаў: цеста катаіфа, фісташкавай пасты на аснове белага шакаладу, зялёнага чаю матча, масла, і, зразумела, малочнага шакаладу.
«Рэцэптур дубайскага шакаладу велізарная колькасць, наш жа варыянт найбольш набліжаны да класічнага. Часцяком тое, што сёння з'яўляецца на рынку, мае вельмі аддаленае стаўленне да ўсходняга прысмаку, паколькі выкарыстоўваецца толькі назва», — заяўляе Ірына Адарчанка.
Дубайскі шакалад вытворчасці беларускай фабрыкі можна будзе адшукаць на паліцах крам ужо гэтай вясной.
Акрамя таго, сярод амбіцыйных планаў фабрыкі і выпуск іншых салодкіх навінак, напрыклад, жэлейных цукерак з экзатычнымі начынкамі: кактус, манга, маракуя, ружовы персік. Як заўважаюць на прадпрыемстве, незвычайныя фруктовыя смакі ў шакаладных цукерках добра разыходзяцца на рынку, таму яны і хочуць рабіць стаўку ў тым ліку і на іх.