Трамп пачаў гандлёвую вайну з Канадай, Мексікай і Кітаем
2.02.2025 / 8:49
ЗША ўводзяць пошліны на тавары з Канады, Кітая і Мексікі. Гэтыя краіны абяцаюць адказ.
Дональд Трамп. Фоат: AP Photo / Evan Vucci
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб пошлінах на тавары з Канады, Кітая і Мексікі. Для КНР стаўка складзе 10%, для Мексікі — 25%, для Канады — 10% на энергарэсурсы і 25% на астатні імпарт.
Не ўдакладняецца, калі пошліны набудуць моц. Высокапастаўлены чыноўнік сказаў агенцтву AP, што больш нізкая стаўка для нафты, газу і электраэнергіі з Канады звязана з жаданнем мінімізаваць магчымае павышэнне цэн на бензін ці камунальныя паслугі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп растлумачыў рашэнне неабходнасцю барацьбы з нелегальнай іміграцыяй і наркагандлем, у прыватнасці пастаўкамі фентанілу ў ЗША.
«Мы павінны абараніць амерыканцаў, і мой абавязак як прэзідэнта — забяспечыць бяспеку ўсіх. У сваёй перадвыбарнай кампаніі я паабяцаў спыніць паток нелегальных мігрантаў і наркотыкаў, якія перасякаюць нашы межы, і амерыканцы ў пераважнай большасці прагаласавалі за гэта».
Трамп сцвярджае, што пастаўкі фентанілу з Кітая трапляюць у ЗША праз Мексіку і Канаду, паколькі гэтыя краіны не могуць належным чынам ахоўваць свае межы. Ён абвінаваціў Кітай у парушэнні абавязацельстваў па скарачэнні вытворчасці фентанілу і заявіў, што Камуністычная партыя Кітая «субсідавала і заахвочвала» кампаніі да паставак гэтага небяспечнага рэчыва ў ЗША.
Павышэнне пошлін — перадвыбарнае абяцанне Дональда Трампа.
У сваю чаргу прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо ў адказ абвясціў аб маштабных тарыфах у памеры 25%, якія закрануць амерыканскія тавары коштам 155 млрд даляраў.
Ён сказаў, што мяжа паміж ЗША і Канадай «адна з самых надзейных і бяспечных у свеце». «Менш за 1% фентанілу, які паступае ў ЗША, паступае з Канады. Менш за 1% нелегальных мігрантаў, якія паступаюць у ЗША, паступаюць з Канады, — заявіў Трудо. — Гандлёвыя меры супраць Канады — не найлепшы спосаб сумеснай працы па выратаванні жыццяў».
Прэзідэнт Мексікі Клаўдыя Шэйнбаум паабяцала, што таксама ўвядзе ў адказ як тарыфныя, так і нетарыфныя меры для тавараў ЗША, хоць пакуль не паведаміла падрабязнасці.
Шэйнбаум таксама назвала заяву Трампа аб тым, што мексіканскі ўрад знаходзіцца ў «недапушчальным саюзе» з наркакартэлямі, паклёпам на Мексіку.
Кітай адказаў, што заява Трампа сур'ёзна парушае правілы Сусветнай гандлёвай арганізацыі. «Кітай вельмі незадаволены гэтым і рашуча выступае супраць», — заявіла Міністэрства гандлю КНР.
Кітай падасць пазоў у СГА супраць ЗША і прыме контрмеры для абароны сваіх правоў і інтарэсаў.