БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Сілавікі за год накрылі 268 п’яных вечарынак з удзелам непаўналетніх

2.02.2025 / 16:44

Nashaniva.com

У МУС расказалі, якія злачынствы часцей за ўсё здзяйсняюцца з удзелам дзяцей і падлеткаў.

За 2024 год сілавікі зарэгістравалі 1,4 тысячы злачынстваў з удзелам непаўналетніх.

Пераважаюць крадзяжы, незаконны абарот плацежных сродкаў, махлярства, а таксама нарказлачынствы. Акрамя таго, сілавікамі выяўлена і спынена 268 п’яных вечарынак, на якіх прысутнічалі больш за 800 дзяцей, паведамілі ў прэс-службе МУС.

У МУС нагадалі, што ўжыванне алкаголю, цыгарэт, вэйпаў, наркотыкаў часта прыводзіць да непрыемных, а часам і трагічных наступстваў.

«Небяспекі падсцерагаюць і ў інтэрнэце. Скарыстоўваючы магчымасці сеткі і адпрацаваныя схемы падману, злачынцы ўцягваюць падлеткаў у злачынную дзейнасць.

У сувязі з гэтым асаблівая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце, накіраванай на недапушчэнне ўцягнення дзяцей у распаўсюджванне наркотыкаў, выраб парнаграфіі, перасылку інтымных выяваў і многае іншае», — адзначылі ў прэс-службе.

Часцей за ўсё прычынамі здарэнняў з удзелам непаўналетніх становяцца іх неасцярожныя паводзіны, недастатковы кантроль з боку дарослых і незанятасць падлеткаў у вольны ад вучобы час.

Сілавікі звяртаюць увагу, што бацькам варта рэгулярна нагадваць дзецям пра правілы бяспечных паводзін, у тым ліку ў інтэрнэце, цікавіцца іх колам зносін, падтрымліваць даверлівыя адносіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула