Вальфовіч: Прыкмет развязвання агрэсіі супраць Беларусі пакуль не відаць
2.02.2025 / 22:25
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вольфовіч прызнае, што Польшча і краіны Балтыі не рыхтуюць напад на Беларусь.
Аляксандр Вальфовіч. Фота: МУС
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вольфовіч пакуль не бачыць прыкмет развязвання агрэсіі ў дачыненні да Беларусі.
Адказваючы на пытанне аб верагоднасці эскалацыі сітуацыі, Аляксандр Вольфовіч у эфіры «Беларусь 1» сказаў, што выключаць яе нельга.
«На сёння, па меншай меры, мы не бачым тых прыкмет, якія пагражалі б Рэспубліцы Беларусь і сведчылі б пра развязванне якой-небудзь патэнцыйнай агрэсіі супраць нас. На дадзены момант іх няма. Але колькасць вучэнняў і тыя крокі, якія робіць кааліцыя заходніх краін, безумоўна, не дадаюць спакою», — адзначыў Вальфовіч.
Ён таксама згадаў рашэнні камітэта начальнікаў штабоў, згодна з якімі было прынята рашэнне аб значным павелічэнні ваенных бюджэтаў шэрагу краін, у тым ліку найбліжэйшых суседзяў Беларусі — Польшчы і краін Балтыі.
«Гэта значыць, выдаткі, якія Польшча, Літва, Латвія плануюць выдаткаваць на ваенныя патрэбы, зашкальваюць за разумныя межы. У гэтым няма ніякай абсалютна неабходнасці», — падкрэсліў дзяржсакратар Рады бяспекі.
На думку Вальфовіча, «у суседніх краінах бачаць, што з боку Беларусі ім не пагражае ніякая небяспека, у тым ліку ваенная».