Зацвердзілі Дзяржаўную інвестпраграму на 2025 год
5.02.2025 / 17:44
Аляксандр Лукашэнка 5 лютага сваім указам зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2025 год. На фінансаванне ўключаных у яе 82 аб'ектаў, з якіх 40 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў гэтым годзе, прадугледжана 2 млрд 207 млн рублёў.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле дакумента, звыш 80% сродкаў мае пайсці на рэалізацыю дзяржпраграм «Дарогі Беларусі», «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», «Адукацыя і маладзёжная палітыка», «Будаўніцтва жылля», «Аграрны бізнес», «Памежная бяспека» і іншых.
За кошт сродкаў праграмы ў 2025 годзе ў тым ліку будуць будавацца і рэканструявацца:
- аўтамабільныя дарогі М10 (Гомель — Кобрын), М3 (Мінск — Віцебск), Р46 (Лепель — Полацк), Р53 (Слабада — Навасады);
- масты праз раку Прыпяць (у Мазыры) і праз раку Сож (на аўтадарозе Р30 Гомель — Ветка — Чэрыкаў);
- тэхнапаркі ў Брэсце, Пінску, Баранавічах, індустрыяльны парк у Гродне;
- бальніца ў Паставах, абласны анкалагічны дыспансер у Гродне, новыя карпусы абласной бальніцы ў Брэсце і РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне;
- школа ў Астраўцы, лабараторны і навучальны карпусы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спартыўны комплекс БФСТ «Дынама»;
- комплекс будынкаў Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, храм Аляксандра Неўскага на мемарыяльных Вайсковых могілках у Мінску.