БЕЛ Ł РУС

Свет

Азербайджан спыніў у краіне дзейнасць «Рассупрацоўніцтва»

6.02.2025 / 12:38

Nashaniva.com

За некалькі дзён да гэтага азербайджанскія праваахоўнікі ўзялі пад кантроль будынак «Русского дома» ў Баку — штаб-кватэры «Рассупрацоўніцтва», ключавой структуры расійскага ўплыву.

Расійскаму боку накіравана афіцыйнае апавяшчэнне аб спыненні дзейнасці агенцтва «Рассупрацоўніцтва» на тэрыторыі Азербайджана. Аб гэтым мясцовае выданне Report паведамляе са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Ананімны суразмоўца выдання паведаміў, што Азербайджан сам стаў донарам і не мае патрэбы ў дапамозе звонку, «асабліва калі такая дапамога аказваецца на падставе непразрыстых схем, а структура арганізацый носіць адкрыта разведвальны характар».

За некалькі дзён да гэтага азербайджанскія праваахоўнікі ўзялі пад кантроль будынак «Русского дома» ў Баку — штаб-кватэры «Рассупрацоўніцтва».

Як высветлілася, у арганізацыі не было неабходнай рэгістрацыі ў Азербайджане. «Чаму яму (Дому — ТМТ) дазвалялі працаваць без яе — тэма асобнай і вельмі сур’ёзнай размовы», — паведамлялі інфармаваныя крыніцы выдання Minval.

Аналагічнае рашэнне было раней прынята ў дачыненні да амерыканскага агенцтва USAID, прычым яшчэ да інаўгурацыі прэзідэнта Дональда Трампа і яго прыпынення дзейнасці дадзенай структуры.

Адносіны Расіі і Азербайджана цяпер моцна сапсаваныя: расіяне збілі азербайджанскі самалёт і не змаглі з павагай да трагедыі і азербайджанскага боку выбачыцца і пакараць вінаватых. 

Раніцай 25 снежня самалёт Azerbaijan Airlines, які ляцеў з Баку ў Грозны, упаў блізу аэрапорта Актау на захадзе Казахстана. Калі самалёт пралятаў над Чачнёй, па ім ударыла СПА, якая працавала ў выніку налёту беспілотнікаў. 

На борце лайнера было 67 чалавек, у тым ліку 37 грамадзян Азербайджана, 16 расіянаў, шэсць казахстанцаў і трое грамадзян Кыргызстана. У авіякатастрофе загінулі 38 чалавек, 29 выжылі. 

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў не аднойчы патрабаваў ад Расіі, каб вінаватыя нарэшце былі пакараныя. «Мы патрабуем чалавечых паводзін», — звяртаўся ён публічна да Расіі. 

«Першыя тры дні мы не чулі ад Расіі нічога, акрамя вар'яцкіх версій», — абураўся ён. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула