БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Стала вядома, як добра ўладкаваўся ў жыцці муж старэйшай унучкі Лукашэнкі

6.02.2025 / 15:54

Nashaniva.com

Дзмітрый Дзятлаў працуе ў рыбным бізнэсе, высветліла«Бюро».

Аляксандр Лукашэнка, Вікторыя Лукашэнка і Дзмітрый Дзятлаў

Дзмітрый Дзятлаў — муж Вікторыі Лукашэнкі, старэйшай унучкі Аляксандра Лукашэнкі. Ён вучыўся разам з ёй на факультэце міжнародных адносін БДУ. Пераддыпломную практыку студэнт праходзіў у «ЗахадТрансЭкспедыцыі» — фірме, якая займаецца перапрацоўкай і перавозкай звадкаваных вуглевадародных газаў.

Туды ж хлопец уладкаваўся пасля выпуску з універсітэту, атрымаўшы добрую пасаду — намесніка начальніка камерцыйнага аддзела.

25% гэтай кампаніі наляжаць бізнэсоўцы Людміле Няронскай. 

«Гэтая дама [Няронская] мае [у Беларусі] пэўную вагу і пэўныя лабісцкія магчымасці», — расказаў «Бюро» дасведчаны беларускі бізнэсовец.

Дзеці Няронскай і старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара разам вучыліся ў мінскай гімназіі №16. Разам са сваімі дзецьмі, дзецьмі Віктара Лукашэнкі і ягонай жонкай Няронская ў 2019 годзе лётала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На адваротным шляху да іх далучыўся і Віктар Лукашэнка.

Дзякуючы «Кіберпартызанам» «Бюро» даведалася, што муж Вікторыі Лукашэнкі Дзмітрый Дзятлаў працягвае працаваць у фірмах Няронскай. У 2022 годзе Дзятлаў перайшоў з «ЗахадТрансЭкспедыцыі» ў «Марскія промыслы» і «Марскія сезоны».

У гэтых кампаніях мужчына заняў пасаду намесніка дырэктара па агульных пытаннях. І ўжо да сярэдзіны 2023 года ў гэтых кампаніях Дзятлаў стаў зарабляць больш за 10 тысяч беларускіх рублёў за месяц, у той час як сярэдняя зарплата па краіне была ў 5 разоў меншай.

Кампанія «Марскія сезоны», якая з'явілася ў кастрычніку 2022 года, будуе рыбаперапрацоўчы завод у свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск». І, як сцвярджаюць журналісты, карыстаецца там шырокімі падатковымі і мытнымі льготамі. Яшчэ адзін завод «Марскія сезоны» будуюць пад Мінскам.

На заводзе, які будуюць у Віцебску, плануюць выпускаць не толькі філе і фарш з мінтая, але і пельмені з рыбы і іншыя паўфабрыкаты. Гатовую прадукцыю плануецца прадаваць у першую чаргу на ўнутраным рынку, а таксама экспартаваць пераважна ў краіны ЕАЭС.

Чытайце таксама:

Лукашэнка стаў прадзедам

Аднагрупнік з Полацка. «Наша Ніва» даведалася, за каго выйшла замуж унучка Лукашэнкі

Каментары да артыкула