Паліна Шарэнда-Панасюк выехала з Беларусі
6.02.2025 / 16:15
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая выйшла на волю ў суботу, выехала з Беларусі і хутка сустрэнецца з блізкімі.
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота з сацыяльных сетак
«Паліна ў бяспецы! Сёння будзем яе сустракаць!», — напісаў яе муж Андрэй Шарэнда ў фэйсбуку.
У бліжэйшыя гадзіны яна сустрэнецца з мужам і дзецьмі.
1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю пасля заканчэння чацвёртага тэрміну. За кратамі яна правяла чатыры гады і адзін месяц.
Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая ў студзені 2021 года і ў чэрвені прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт.364, 368 і 369 КК (абраза Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, гвалт у дачыненні да міліцыянта). Адбываць пакаранне яе адправілі ў жаночую калонію № 4 У Гомелі.
Яна павінна была выйсці на волю ў 2022 годзе, але ёй двойчы дадавалі па году калоніі.
Паліну чакаюць двое сыноў — Славамір і Стах.