БЕЛ Ł РУС

Вайна

«Кінуў і забыўся». У ЗША стварылі ўдарны дрон у выглядзе мяча для амерыканскага футболу

6.02.2025 / 22:34

Nashaniva.com

Незвычайнай формы беспілотнік, па словах распрацоўшчыкаў, прызначаны як для баявых, так і для разведвальных ці нават гуманітарных мэтаў. Метад запуску цалкам аналагічны шпурлянню гульнявога мяча.

Новы ўдарны дрон побач са звычайным мячом для амерыканскага футболу. Фота: XDown

Кампанія XDown паведаміла пра стварэнне і паспяховыя выпрабаванні новага беспілотніка-камікадзэ пад назвай P.S. Killer, які сваёй формай падобны на мяч для амерыканскага футболу і запускаецца паводле таго ж прынцыпу.

Паводле рэлізу кампаніі, беспілотнік першапачаткова быў створаны для баявых і разведвальных місій Сіл спецыяльных аперацый ЗША, але таксама можа выконваць гуманітарныя функцыі.

P.S. Killer можа быць запушчаны любым чалавекам за 2 секунды паводле прынцыпу «кінуў і забыўся» — дастаткова толькі падкінуць яго ў паветра. 

Дрон-камікадзэ важыць усяго каля 800 грамаў і можа несці карысную нагрузку аналагічнай вагі, пры гэтым перасоўваючыся амаль незаўважна. Хуткасць руху можа дасягаць 250 км/г, а максімальная адлегласць палёту (у залежнасці ад грузу) — больш за 64 км, адзначае кампанія XDown.

Пры стандартнай баявой нагрузцы дрон можа кропкава нейтралізоўваць пяхоту, бронемашыны і нават баявыя танкі (а таксама невялікія цэлі ў адкрытым моры), а калі замяніць выбухоўку на камеры, то беспілотнік ператвараецца ў высокакласны інструмент назірання за перасоўваннем непрыяцеля і выяўлення снайперскіх пазіцый.

Апроч гэтага, дрон можна выкарыстоўваць для дастаўкі ежы, боепрыпасаў і лекаў салдатам на поле бою, а таксама праводзіць аперацыі па пошуку і выратаванні (як у ваенны, так і ў мірны час).

Кошт аднаго такога дрона або цэлай партыі пакуль афіцыйна не называецца.

Чытайце таксама:

Канцэпт сферычнага дрона стаў сенсацыяй

Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй

Вялікабрытанія ўпершыню пратэсціравала радыёхвалевую сістэму супрацьпаветранай абароны. Што гэта такое?

Каментары да артыкула