БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

7.02.2025 / 14:45

Nashaniva.com

Учора ГУБАЗіК паказаў мужчыну, якога, як сцвярджаюць сілавікі, затрымалі пасля ўзлому доступу да бота праекта «Беларускі Гаюн». Гэта супрацоўнік Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.

Максім Нікіценка. Фота з сацыяльных сетак

Па звестках Digital Intelligence Team, затрыманага завуць Максім Нікіценка, яму 42 гады. Ён з Мазыра. Вядома, што ў 2006 годзе ён служыў у арміі на тэрміновай службе. Пасля гэтага працаваў рабочым на розных прадпрыемствах у Мазыры.

У 2020 годзе ён быў начальнікам трамвайнага ўчастка на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, працаваў там і на пачатак 2024 года, хоць пасада невядомая.

У Максіма ёсць жонка і двое непаўналетніх дзяцей — сын і дачка.

Учора ягонае фота з'явілася на каналах ГУБАЗіК. Сілавікі сцвярджаюць, што гэты чалавек паведамляў у чат-бот праекта «Беларускі Гаюн» нейкую інфармацыю і гэта ён падпісваўся як «агент Валет».

Нагадваем, 5 лютага стала вядома, што беларускія спецслужбы атрымалі доступ да закрытага чата праекта «Беларускі Гаюн» і здолелі выгрузіць адтуль усе паведамленні. У выгружаных паведамленнях маглі ўтрымлівацца ID тэлеграм-акаўнтаў, па якіх шмат каго можна здэананімізаваць. 

«Наша Ніва» падрабязна распавядала пра тое, што рабіць, калі вы пісалі ў чат-бот праекта «Беларускі Гаюн». Гэтыя рэкамендацыі сапраўды важныя — перачытайце іх, калі вас ці вашых блізкіх можа закрануць гэтая ўцечка.

Чытайце таксама:

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі

Вось як сілавікі атрымалі доступ да бота «Беларускага Гаюна»

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Каментары да артыкула