Беларус, які ваяваў на баку Расіі, скардзіцца, што не можа звольніцца са службы і атрымаць выплаты
7.02.2025 / 17:7
Беларус, які ваяваў на баку Расіі супраць Украіны, паскардзўся, што не можа звольніцца са службы нават пасля заканчэння кантракту. Таксама яму не даюць расійскія выплаты за раненні, атрыманыя на вайне. Зварот беларуса апублікаваў тэлеграм-канал «Не чакай мяне з Украіны», заўважыла «Медыязона».
Імя беларуса не называецца, ягоны твар у звароце і звесткі ў медыцынскай даведцы схаваныя.
Мужчына заявіў, што яго хочуць зноў адправіць на фронт, нягледзячы на заканчэнне кантракту і тое, што лекары прызналі яго «непрыдатным да вайсковай службы» пасля ранення.
«Пасля падачы рапарту ў часць яны спрабуюць сілком зацягнуць мяне і адправіць у зону СВА [спецыяльнай ваеннай аперацыяй (СВА) расійскія ўлады і прапагандысты называюць развязаную Крамлём вайну ва Украіне. — Рэд.], хоць па законе не маюць права», — кажа мужчына.
Беларус назваў гэтыя дзеянні незаконнымі, паколькі падчас лячэння пасля ранення ў яго, маўляў, дыягнаставалі гепатыт С, з якім нельга працягваць службу.
«Выплат за форму 100, якую атрымаў год таму ў Данецку, няма, усе спасылаюцца на часць, а ў часці нічога не робяць», — заяўляе прарасійскі беларус.
Мужчына кажа, што камандаванне палка ігнаруе пастановы дактароў, адпраўляючы ўсіх запар назад у часць. Тых, хто не згодны з такімі дзеяннямі, вязуць у размяшчэнне ў кайданках.
Ён таксама паведаміў, што ягоны кантракт з Мінабароны ўжо скончыўся і ён, як кантракт замежнага грамадзяніна, па законе аўтаматычна не працягваецца.
Згодна з апублікаванай даведкай, беларус праходзіў службу па кантракце ў 255-м мотастралковым палку (в/ч 13766, Валгаградская вобласць). У 2024 годзе ён быў шпіталізаваны з траўмамі таза і сцёгнаў. Пасля медыцынскага абследавання ён быў прызнаны часова непрыдатным да вайсковай службы і яму быў рэкамендаваны 45-дзённы адпачынак.
«Цяпер мяне шукаюць, спрабуюць адправіць у Данецк. Шукаюць і пагражаюць», — заявіў беларускі кантрактнік.