У Мінску могуць закрываць падвалы ў жылых дамах
8.02.2025 / 16:20
На аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, на пасяджэнні працоўнай групы па пытаннях утрымання і добраўпарадкавання горада абмеркоўвалі стан супрацьпажарнай бяспекі, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Аляксандр Чарнавусік расказаў, што ў 2024 годзе ў падвалах дамоў у сталіцы адбылося 16 пажараў, што на два больш, чым у 2023-м.
Па выніках абследавання, праведзенага ў 300 жылых дамах, супрацоўнікі МНС адзначаюць, што асноўнымі праблемамі ў захаванні супрацьпажарнай бяспекі ў дадзеным выпадку з'яўляюцца незачыненыя і засмечаныя падвалы.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун, які прысутнічаў на нарадзе, заявіў, што ў выпадках, калі жыхары не прыслухоўваюцца да рэкамендацый і не хочуць прыбіраць пакінутае імі пажаранебяспечнае смецце, трэба прымаць строгія меры:
«Аж да закрыцця доступу ў падвалы! Гэта будзе непапулярная мера, але ад яе залежыць бяспека многіх людзей».