Ціханоўская: Пытанне падаўжэння тэрміну дзеяння ДНЖ для беларусаў у Літве да трох гадоў амаль вырашанае
25.10.2023 / 8:55
Дэмакратычная лідарка кажа, што літоўскі ўрад разумее беларускую сітуацыю.
Пытанне падаўжэння тэрміну дзеяння ДНЖ для беларусаў у Літве з году да трох «амаль вырашанае», заявіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская на семінары «Беларусь і беларусы, 2020+: ацэньваючы перспектывы і выклікі дэмакратычнай будучыні краіны» 24 кастрычніка ў Вільні, піша «Позірк».
Паводле палітыка, яе каманда «прапаноўвала міграцыйным службам Літвы павялічыць тэрмін дзеяння дазволу на жыхарства»: «Спадзяюся, што неўзабаве будзе падоўжаны дазвол на жыхарства на тры гады і тэрмін дзеяння пашпарта замежніка».
Ціханоўская ўдакладніла, што напярэдадні абмяркоўвала гэтае пытанне з прэм’ер-міністаркай краіны Інгрыдай Шыманіце.
Дэмлідарка падкрэсліла, што літоўскі ўрад разумее беларускую сітуацыю.
Пры гэтым «мы разумеем усе тыя выклікі, што цяпер стаяць перад Літвой, тую небяспеку з боку рэжыму Лукашэнкі — і многія рашэнні Літвы будуць прынятыя менавіта з гэтага пункта гледжання», дадала яна.
Як паведамлялася, міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце 11 кастрычніка зарэгістравала папраўку ў закон «Аб прававым статусе замежнікаў», якая дазволіць грамадзянам іншых дзяржаў, якія пражываюць у гэтай краіне з‑за рызыкі палітычнага пераследу ў сваёй краіне, атрымліваць часовы дазвол на жыхарства (ДНЖ) на тры гады.
Чытайце таксама:
Як прапускаюць праз мяжу тых, хто не паведаміў пра свой ДНЖ, карту паляка або іншае грамадзянства
У беларусаў на мяжы сталі правяраць, ці паведамілі яны пра ДНЖ іншай краіны